Пра свае 158 см росту­



Эх, не дацягваю я да нармальнай жанчыны. На цэлыя 7 см. Кіраўнік краіны падчас сустрэчы ў Акадэміі кіравання распавёў, якога росту павінная быць жанчына. Начальнік аддзела адукацыі, якая вучыцца ў Акадэміі кіравання, Надзея Здрок першапачаткова спытала, паводле якіх крытэраў ацэньваць працу дзяржаўных органаў і іх кіраўніцтва. Але потым Здрок абмовілася, што яна маленькі чалавек. Можа быць, начальнік аддзела адукацыі Ганцавіцкага райвыканкама выкарыстала “маленькі чалавек” як фразеалагізм. То бок чалавек невысокага сацыяльнага становішча і паходжання. Памятаеце, як у школе нас усіх даўбілі сачыненнямі кшталту: “Вобраз маленькага чалавека ў аповесці Гогаля “Шынэль”, альбо “Бунт маленькага чалавека ў паэме “Медны вершнік” Пушкіна.

Аднак кіраўнік выраз “маленькі чалавек” успрыняў наўпрост. Альбо зрабіў выгляд. А менавіта наконт росту. Пасля чаго і  адказаў, “які вы маленькі, вы нармальны чалавек”. І потым развіў сваю думку наконт таго, што жанчына павінна быць ростам 165-175 см. І такі рост акурат нармальны для жанчыны. Пасля такіх словаў нават не ведаю, што лепей. Трапляць у гэты дыяпазон і разумець, што ты ўваходзіш у катэгорыю нармальнасці. Альбо лепей быць па-за сістэмай і быць ніжэй, ці вышэй заяўленых 165-175 см. У любым выпадку мне з маім 158 см жывецца някепска. Цікава толькі, ці прагучаў па выніку адказ на пытанне начальніцы аддзела адукацыі Ганцавіцкага райвыканкама, паводле якіх крытэраў трэба ацэньваць працу дзяржаўных органаў і іх кіраўніцтва. Хаця, якое пытанне – такі і адказ.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ