Чаму ў Беларусі ёсць “недатыкальныя”?



Праваабаронца і былы следчы пракуратуры Алег Волчак выказаў сваё меркаванне з нагоды таго, што ў кадравым рэестры беларускага кіраўніка ёсць людзі, якіх без дазволу прэзідэнта нельга ні затрымоўваць, ні арыштоўваць.

Днямі Лукашэнка распавёў, што ў гэтым рэестры рэзерве знаходзіцца каля 850 чалавек, яны маюць пэўныя паўнамоцтвы і абарону. Напрыклад, без дазволу кіраўніка краіны іх нельга затрымліваць альбо арыштаваць.

Алег Волчак: Калі зыходзіць з дзеючага заканадаўства, то, на мой погляд, нейкіх прывілей не павінна быць для чыноўнікаў любога ранга. Якую б пасаду гэты чыноўнік не займаў. Ёсць Крымінальны кодэкс, і калі чалавек парушае яго, перавышае свае службовыя паўнамоцтвы, то чаму ён павінен быць “недатыкальным”? Парушыў закон – адказвай па поўнай праграме. Пры чым тут узгадненне з кіраўніком краіны?

Таму гэта яшчэ раз паказвае, што ў Беларусі папярэдняе следства не з’яўляецца самастойным. І як пасля гэтага яны збіраюцца змагацца з карупцыяй? Камусьці можна красці, а камусьці нельга?

РР: Наогул незразумела, чаму арыштоўваць чалавека, які парушыў закон, можна толькі з дазвола прэзідэнта…

Алег Волчак: Наколькі мне вядома, некаторыя і звальняюцца з міліцыі і следчых органаў, бо нярэдка людзі працуюць, а затым аказваецца, што дарэмна.

Увогуле, у цывілізаваных краінах, калі прозвішча высокага чыноўніка проста трапляе ў СМІ і згадваецца ў сувязі з нейкім скандалам, то ўжо праз два дні гэты чыноўнік альбо сам падасць прашэнне аб адстаўцы, альбо яго папросяць пакінуць пасаду. Найперш грамадства запатрабуе гэта зрабіць. У Беларусі дзейнічаюць іншыя законы.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя