Алег Трусаў: Крэмль не пакідае свае імперскія амбіцыі
Грамадскі дзеяч і сябра Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў распавядае пра тое, чаму Расея вырашыла спрасціць для беларусаў працэс атрымання расейскіх пашпартоў.
Як вядома, расейскі ўрад прыняў рашэнне лічыць грамадзян Беларусі і Украіны раўнапраўнымі носьбітамі рускай мовы, якія могуць атрымліваць грамадзянства Расеі па спрошчанай схеме – без спецыяльнага экзамена на яго веданне.
Алег Трусаў: Мне падаецца, гэта адзін з крокаў да магчымай анэксіі Беларусі. Крэмль не пакідае свае імперскія амбіцыі наконт нашай краіны і паціху робіць захады, каб затым было прасцей. У Крыме ж спачатку таксама давалі расейскія пашпарты, зараз тое ж самае прыдумалі для беларусаў і ўкраінцаў. Іншая справа, што беларусам гэтыя пашпарты не вельмі і патрэбны, бо ў іх мазгі варушацца крыху лепш, чым у жыхароў Крыма. Таму я не думаю, што гэтая ініцыятыва набудзе масавы характар. Бо хто зацеў займець расейскі пашпарт, ужо яго зрабіў, але іх няшмат. І ніколі яны “карту паляка” не дагоняць, як бы не стараліся. “Карту паляка” атрымалі каля 100 тысяч беларусаў, а расейскія пашпарты – напэўна у 10 разоў менш.
РР: Беларусакае заканадаўства не прызнае двайное грамадзянства…
Алег Трусаў: З аднаго боку не прызнае, а з іншага, калі нехта атрымае яшчэ і расейскі пашпарт, то пра гэта ў нас, можа быць, і ведаць не будуць. Дарэчы, у Расеі таксама не прызнаюць двайное грамадзянства, але ж на практыцы рознае здараецца.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя