Другі дзень запар рэкорды цяпла абнавіліся на ўсіх метэастанцыях краіны
Чацвёрты дзень запар у Беларусі абнаўляюцца рэкорды цяпла за ўвесь перыяд метэаназіранняў і другі дзень запар — лакальныя рэкорды на ўсіх без выключэння метэастанцыях краіны, сведчыць праведзены БелаПАН параўнальны аналіз аператыўнай карты тэмператур і архіва Белгідрамета на рэсурсе meteoinfo.by. Розніца паміж ранейшымі і новымі максімумамі склала ад 0,5 градуса ў Касцюковічах (19,1 градуса супраць 18,6 у 2006 годзе) да 5,2 градуса ў Нарачы (20,5 супраць 15,3 таксама ў 2006 годзе).
22 кастрычніка самым цёплым месцам аказаўся Драгічын — 22,8 градуса. Ранейшы рэкорд дня для ўсёй тэрыторыі краіны быў зафіксаваны 30 гадоў таму ў Берасці і Высокім (21 градус).
У Менску паветра прагрэлася да 20,4 градуса вышэй за нуль пры прагнозе 17—19 (папярэдні экстрэмум — 16,5), у Віцебску — да 18,6 (16,2), Гомелі — да 19,2 (18,2), Магілёве — да 20,1 (16,2), Гродне — да 21,4 (20,1), Берасці — да 21,9. У сталіцы пабіты рэкорд 2006 года, у абласных цэнтрах — 1989-га.
21 кастрычніка максімум дня склаў 22,5 градуса — у Берасці, у раёне метэастанцыі „Палеская” на ўсходзе Берасцейскай вобласці і ў Жыткавічах (было 18,7 у 1949 годзе ў Берасці).
20 кастрычніка быў абноўлены максімум дня, які трымаўся з 1957 года, — 20,2 градуса цяпла ў Жыткавічах. Новы складае 22,8 градуса (у Драгічыне). Лакальныя рэкорды абнавіліся на ўсіх метэастанцыях краіны, за выключэннем Горак, дзе выстаяў экстрэмуму 98-гадовай даўніны (17,1 градуса супраць 15,9).
Для 19 кастрычніка рэкорд складае цяпер 23,1 градуса цяпла (зарэгістраваны ў Брагіне) супраць леташняга 21,7 (у Васілевічах). У той дзень не абнавіліся экстрэмумы толькі ў Магілёўскай вобласці.
Тэмпературныя рэкорды фіксаваліся таксама з 13 па 16 кастрычніка. У Мінску 16 кастрычніка пабіты максімум, які трымаўся з 1907 года (20 градусаў; цяпер 20,2).
За ўсю гісторыю метэаназіранняў у сталіцы пасля 18 кастрычніка тэмпература ні разу не падымалася вышэй за 20 градусаў. У цяперашнім кастрычніку гэта адбывалася 20-га (20,1), 21-га (21,3) і 22-га чысла.
У кастрычніку мінулага года экстрэмумы абнаўляліся з 16-га па 19-е, а таксама 30-га і 31-га чысла.
23 кастрычніка, паводле прагнозу сіноптыкаў, вельмі цёплае надвор’е захаваецца толькі ў паўднёвых раёнах.