Алег Трусаў: Лукашэнка нарэшце зразумеў важнасць беларускай мовы



У Беларусі працягваецца перапіс насельніцтва. Учора, 22 кастрычніка, прэс-сакратар кіраўніка краіны Наталля Эйсмант паведаміла, што Аляксандр Лукашэнка таксама ўзяў удзел у перапісе і родной мова пазначыў беларускую.

Экс-старшыя Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў лічыць, што гэта паўплывае на тое, якую мову беларусы будуць называць роднай часцей.

– Не сумняваюся, яшчэ мільён паставяць як мінімум, даведаўшыся, што бацька паставіў, гэта стопрацэнтна, я ў гэтым не сумняваюся.

Паводле Алега Трусава, беларуская мова сапраўды стала фактарам незалежнасці.

– Лукашэнка сам разумее, што будзе, калі менш паловы напішуць родная мова беларуская. Тады пачатак аншлюcу вельмі паскорыцца, як было ў Крыме і на Данбасе. Якія тэрыторыі захапіла Расея? Там, дзе большасць напісала родную мову руская. Гэта Крым, Луганск і Данецк. У Харкаў сунуліся, там хоць 52% напісалі ўкраінская. Таму Харкаў забраць не ўдалося. У Адэсе тое ж самае.

Па-ранейшаму можна запоўніць перапісную анкету на адпаведных стацыянарных участках. Іх адрасы размешчаны на сайце Белстата. З учорашняга дня (22 кастрычніка) пачалі працу перапісчыкі, якія абходзяць кватэры. Перапіс насельніцтва ўжо прайшлі амаль 5 мільёнаў чалавек. Завершыцца перапіс 30 кастрычніка.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя