Лукашэнка: Расея не прапускае казахстанскую нафту ў Беларусь



Калі Расея зацікаўленая ў развіцці Еўразійскага эканамічнага саюза, яна не стане перашкаджаць транзіту казахстанскай нафты ў Беларусь, заявіў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю агенцтву Хабар (Казахстан).

„Таму што, калі мы пачнем блакаваць агульныя праекты ў ЕўрАзЭС, ну што ж, як я часта кажу, тады іншыя краіны, як Беларусь, Казахстан, будуць шукаць шчасця на баку”, — папярэдзіў беларускі кіраўнік.

„Трэба, каб былі сумесныя праекты, — падкрэсліў Лукашэнка. — І не толькі казахстанска-расейскія, беларуска-расійскія, але і наўпрост — Казахстан — Беларусь. Я думаю, што ў нас атрымаецца з пастаўкамі і перапрацоўкай нафты, калі мы дамовімся па цане. Ну а чаму не дамовіцца? Мы разам можам перапрацоўваць вашу нафту і прадаваць на прэміяльным еўрапейскім рынку, украінскім рынку, на любым. Таму што якасць, выхад добры ў нас нафтапрадуктаў. Я не хаваў, што мы і гэта будзем абмяркоўваць падчас майго візіту у Казахстан”.

„Зноў жа паўтаруся: калі ёсць бар’еры ўнутры нашага саюза, Казахстан пачынае глядзець вакол: а як рухацца, у якім кірунку, калі тут закаркавалі, калі тут няма руху нафты ў напрамку саюзніка, Беларусі — Расія не прапускае гэтую нафту, — ну тады казахі, казахстанцы пачынаюць глядзець на Кітай, пачынаюць глядзець на поўдзень — на Пакістан, Індыю. Туды будуць пастаўляць гэтыя прадукты свае. Гэта нармальна? Гэта ненармальна. Ды і канкурэнцыі няма. Канкурэнцыя — рухавік любой эканомікі. Таму, калі мы ствараем тут бар’еры і не вырашаем пытанні, якія павінны вырашаць, пра якія мы дамовіліся, узгаднілі гэтыя пытанні, значыць, краіны пачынаюць глядзець у розныя бакі і шукаць сваё шчасце на баку. Гэтага быць не павінна”, — заявіў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, трэба вырашыць галоўныя пытанні, без якіх увогуле не можа быць Еўразійскага эканамічнага саюза. „Вось гэтыя знакамітыя свабоды: свабода перамяшчэння працоўнай сілы, паслуг, капіталаў, фінансаў, тавараў і гэтак далей. Ці ўсё тут адпрацавана? Ці ўсё тут добра? Не. Мы часам самі сабе ствараем гэтыя бар’еры. У нас няма поўнай уніфікацыі нацыянальнага заканадаўства. Рашэнні, якія мы часам прымаем, мы іх не адаптуем і не ўносім змены ў нацыянальныя заканадаўствы, не імплементуем. Таму гэтыя пытанні, фактычна суб’ектыўнага характару, іх трэба здымаць. Бар’ераў быць не павінна”, — лічыць беларускі кіраўнік.

Афіцыйны лідар даў інтэрв’ю 21 кастрычніка, напярэдадні свайго візіту ў Казахстан (24—25 кастрычніка). 23 кастрычніка на сайце агенцтва з’явіліся фрагменты відэазапісу размовы, на сайце Лукашэнкі — фрагменты стэнаграмы.

belapan.by