Кінапрагляды, экскурсіі, гульні – новы фармат “Мовы нанова” у Віцебску



Адсвяткаваўшы летась 5-ці гадовы юбілей, выкладчыкі віцебскіх курсаў “Мова нанова” задумаліся пра тое, каб змяніць фармат заняткаў.

Досвед паказаў, што не толькі вывучэнне лексікі або граматыкі прыцягвае слухачоў, але найперш – магчымасць супольна бавіць час у беларускамоўным асяродку. Таму развіваць стратэгію курсаў вырашылі ў гэтым накірунку: штомесяц ладзіць заняткі ў фарматах, якія дазваляюць наведнікам узаемадзейнічаць, кажа выкладчыца Ганна Кажамячанка:

– У гэтым годзе мы пачалі з квіза, вырашылі, што абавязкова будзем ладзіць інтэлектуальныя гульні. Таксама будзем запрашаць на інтэрв’ю цікавых людзей з Віцебшчыны і не толькі. Будзем ладзіць кінапрагляды на беларускай мове і, канешне, экскурсіі – каб беларуская мова гучала ў нас не толькі на занятках, але і на вуліцах гораду.

– Заняткі ў фармаце экскурсіі прайшлі на мінулым тыдні. Для ўдзельнікаў быў абвешчаны сімвалічны кошт – адзін рубель, каб сабраныя сродкі перадаць віцебскаму прытулкудля бяздомных жывёлаў. Аднак наведнікі аказаліся куды больш шчодрыя, і ў прытулак перадалі 206 рублёў, ахвяраваных слухачамі “Мовы нанова”. Падчас апошніх заняткаў быў арганізаваны кінапрагляд фільма “Падынгтан” па-беларуску. А таксама навучэнцы і выкладчыкі раіліся пра тое, якім чынам найлепш рэкламаваць курсы, працягвае Ганна Кажамячанка:

– Такая неабходнасць ёсць, бо высветлілася, што няшмат людзей ведае пра тое, што такія курсы ўвогуле існуюць. Мы вырашылі зрабіць афішу – прэзентацыю нашых курсаў, пазнаёміць з нашымі вядоўцамі, нашым фарматам, каб людзі не толькі ведалі пра нас, але і наведвалі.

Афішы і абвесткі пра дзейнасць курсаў арганізатары і наведнікі хочуць распаўсюджваць праз сацыяльныя сеткі, а таксама ва ўстановах адукацыі і культуры.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя