Гарадзенец наведаў больш за 40 краін свету
Гарадзенец за апошнія восем гадоў наведаў больш за 40 краін свету карыстаючыся сайтамі танных вандровак.
Сваімі ўражаннямі Віталь Нікановіч, грамадскі актывіст з Гародні падзяліўся са слухачамі гарадзенскіх курсаў „Мова Нанова”. У нататніку вандроўніка ўжо больш за 200 гарадоў, якія ён адзначае кропкамі на адмысловым сайце.
Віталь распавёў пра самую, на яго думку, экзатычную краіну ў свеце, у якой ён нядаўна пабываў:
– Апошняя мая вандроўка – гэта на Кіпр. Кошт квітка з Коўна на Кіпр у адзін бок зараз складае каля 30 еўра, 4 гадзіны пералёту. Чаму Кіпр? Таму, што да гэтага часу Кіпр падзелены на дзве розныя краіны – гэта Кіпр, які ўваходзіць у Еўрапейскі Звяз, са сталіцай у Нікасіі і Кіпр са сталіцай у Нікасіі, які называецца Рэспубліка Паўночнага Кіпру. Вось Нікасія зараз адзіны горад у свеце, які з’яўляецца сталіцай дзвюх дзяржаў адначасова.
Акрамя гэтага экзатычнага падарожжа, Віталь наведаў і такія непрызнаныя тэрыторыі – як Прыднястроўе і Крым, а таксама Абхазію. На думку вандроўніка, галоўнай перашкодай для падарожжаў з’яўляюцца візы, але галоўным чыннікам з’яўляецца жаданне і вольны час.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня