Алесь Адамковіч: Хто з афіцыйнага Менску будзе на перапахаванні Каліноўскага – таямніца
22 лістапада ў сталіцы Літоўскай Рэспублікі на могілках Роса адбудзецца перапахаванне паўстанцаў 1863-64 гадоў разам з кіраўніком паўстання Кастусём Каліноўскім.
Госць Рацыі – сябра камісіі па перапахаванні, кіраўнік Таварыства Беларускай культуры ў Вільні Алесь Адамковіч:
– З беларускага боку плануецца задзейнічаць два дні, таму што 22 лістапада будуць урачыстыя мерапрыемствы. А 9.30 раніцы пачнецца і скончыцца каля 16-й. Палічылі, што ўсё рабіць у адзін дзень складана. Таму частка мерапрыемстваў з беларускага боку пройдзе і ў суботу 23-га лістапада.
РР: У першы дзень адбудзецца перапахаванне на могілках Роса. Што бузе ў суботу?
Алесь Адамковіч: Па-першае, пачнецца ўсё з грэка-каталіцкага набажэнства ў базыльянскіх мурах. Будзе містэрыя памяці паўстанцаў Каліноўскага. Будуць і канцэрты, і дыскусіі. У цэнтры будзе сустрэча Рады БНР, прэзідэнта БНР Івонкі Сурвіллы з беларускай грамадскасцю ў бібліятэцы Мажвідаса.
РР: Хто яшчэ, акрамя Івонкі Сурвіллы, збіраецца прыехаць ад Рады БНР?
Алесь Адамковіч: Прыедзе каля 15 чалавек. Сярод іх Пачкаеў Мікола, Алесь Чайчыц, Сяргей Навумчык.
РР: Хто будзе прадстаўляць афіцыйны Менск на мерапрыемствах?
– Самая вялікая таямніца гэтых мерапрыемстваў – удзел беларускага афіцыйнага боку. Як там што будзе, на гэта нават не можа адказаць ні арганізатар з літоўскага боку, ні я не магу. Ні на якім роўні будзе прадстаўлена, ні хто з афіцыйнага Менску прыедзе на мерапрыемствы. Ім было дасланае запрашэнне яшчэ каля месяца таму з просьбай да 31 кастрычніка прадставіць інфармацыю. З таго, што я ведаю, інфармацыя прадстаўлена не была.
На думку Алеся Адамковіча, самае вялікае прадстаўніцтва кіраўніцтва з іншых краін, апроч Літоўскай Рэспублікі, будзе на перапахаванні ад Рэспублікі Польша, а агулам на мерапрыемствы, звязаныя з перапахаваннем, запрошаныя прадстаўнікі 33 краін, амбасады якіх знаходзяцца ў Літве.
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя