Пытанне незалежнасці не перастае турбаваць беларусаў
Пытанне незалежнасці не перастае турбаваць беларусаў. Людзі з хваляваннем чакаюць 8 снежня, калі Лукашэнка з Пуціным будуць падпісваць пагадненне пра інтэграцыю.
Беларусы катэгарычна не жадаюць ніякіх аб’яднанняў з Расеяй, назіраючы за агрэсіўнай знешняй і ўнутранай палітыкай сваёй усходняй суседкі, кажуць жыхары Баранавіч і Бярозы:
– Шкада канешне, трэба змагацца. Не ў нашай жа сіле, мы ж не вырашаем, а Пуцін з Лукашэнкам дамаўляюцца. Прадаюць яны гэту Беларусь ці не прадаюць, хто ж яго ведае.
– Ваяваць за тое, што Беларусь павінна быць самастойная. Ніякіх Расей нам не трэба.
– Трэба змагацца, мяняць уладу, мяняць унутраную і знешнюю палітыку.
– Ну не на вайну ж выходзіць, адназначна не.
– Магчыма вулічная актыўнасць мае сэнс.
Паводле палітолага і філосафа Уладзіміра Мацкевіча, усе формы інтэграцыі з Расеяй з’яўляюцца злом для Беларусі, супярэчаць нацыянальным інтарэсам, замінаюць развіццю нашай краіны ва ўсіх абласцях: у эканоміцы, культуры, экалогіі і г.д.
Беларускае Радыё Рацыя