Аляксандр Грабовік выйграў бронзу Сусветных ваенных гульняў
Беларускі спартовец Аляксандр Грабовік выйграў бронзавы медаль Сусветных ваенных гульняў у спаборніцтвах па грэка-рымскай барацьбе. Свой шлях Аляксандр Грабовік, які выступаў у вагавай катэгорыі 97 кг, пачаў з перамогі над швейцарцам Даміяну фон Эўвам – 3:0. У наступным паядынку супраць фіна Маці Куосманена беларус прайграў – 1:4. Пасля таго, як яго крыўдзіцель прайшоў у фінал, Аляксандр Грабовік атрымаў права прэтэндаваць на бронзу. Спачатку перамог літоўца Віліўса Лаўрынайціса – 2:1. У сутычцы за бронзу беларус не пакінуў шанцаў кітайцу Алімулаці Далавубаю – 5:1.
Амерыканскі распасоўнік Роберт Лоўры стане гульцом менскіх „Цмокаў”
Амерыканскі распасоўнік Роберт Лоўры (31 год, 188 см) і „Цмокі-Менск” дамовіліся аб супрацоўніцтве. Пра гэта паведамляе сайт баскетбольнага клуба. Лоўры добра вядомы беларускім аматарам баскетбола: у свой час выступаў за ВЭФ і „Астану”, а ў мінулым сезоне разам з „Торунню” выбіў „цмокаў” з барацьбы за месца ў другім кваліфікацыйным раундзе Лігі чэмпіёнаў.
Зборная Беларусі па футболе страціла чатыры пазіцыі
Сайт ФІФА апублікаваў кастрычніцкую версію рэйтынгу нацыянальных зборных. Зборная Беларусі апусцілася на чатыры радкі. Зараз каманда Міхаіла Мархеля займае 86-е месца. У першай тройцы без зменаў: 1 (1). Бельгія – 1755 ачкі 2 (2). Францыя – 1726 3 (3). Бразілія – 1715.
Іспанскія футбалісткі страйкуюць. „Барселона” можа адмовіцца ад вылету ў Менск
180 футбалістак з Іспаніі падтрымалі пратэст супраць кіраўніцтва лігі. Дзяўчыны патрабуюць даць ім поўны працоўны дзень. Клубы ж такія ўмовы даць не могуць. Для пачатку ініцыятары пратэсту патрабуюць дасягнуць пагаднення ў 75% працоўнага дня. Тады мінімальны гадавы аклад складзе 12 000 еўра [сярэдні заробак у Іспаніі 25 тысяч еўра ў год]. Пры гэтым у 2020 годзе футбалісткі плануюць падпісаць кантракты са 100% працоўнага дня. У бліжэйшыя дні бакі сустрэнуцца, каб паспрабаваць дасягнуць мірнага пагаднення. Калі гэта не адбудзецца, то іспанкі абяцаюць праігнараваць бліжэйшыя матчы. Пацерпіць і Беларусь: у Менск на матч Лігі чэмпіёнаў не прыедзе „Барселона”. Каталонскі клуб з’яўляецца сапернікам „Менска” па плэй-оф Лігі чэмпіёнаў.
У Токіа прапануюць пачаць марафон на Гульнях-2020 ноччу з-за спякоты
Улады Токіа прапанавалі рашэнне, пры якім марафон і спаборніцтвы па спартовай хадзе падчас Алімпіяды-2020 не прыйдзецца пераносіць у Сапара. МАК можа разгледзець магчымасць перанесці пачатак гэтых спаборніцтваў на сярэдзіну ночы, каб абараніць атлетаў ад летняй спёкі. Раней МАК меў намер перанесці марафон і спаборніцтвы па спартовай хадзе на Алімпіядзе 2020 г. са сталіцы Японіі ў паўночны горад Сапара. У Сапара тэмпература на працягу дня на 5-6 градусаў ніжэй, чым у Токіа, які знаходзіцца на 800 км на поўдзень.
Як Каравай, Беларускае Радыё Рацыя