Міністэрства ЖКГ падрыхтавала змены ў заканадаўства



Міністэрствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі падрыхтаваныя змены ў закон „Аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг”, якімі прадугледжаная магчымасць спажыўцам самастойна выбіраць, на якой мове — беларускай або расейскай — складаць дамову. У адпаведнасці з гэтымі зменамі пераклад дамовы на адну з дзяржаўных моў будзе ажыццяўляцца выканаўцам жыллёва-камунальных паслуг. Такі адказ атрымаў юрыст, прадстаўнік грамадзянскай ініцыятывы „Умовы для мовы” Ігар Случак.

Ён распрацаваў змены ў нарматыўныя акты, якія рэгулююць дзейнасць Міністэрства ЖКГ. Змены тычыліся стварэння магчымасці заключэння дамоваў на аказанне камунальных паслуг па-беларуску, бо дзейнае заканадаўства дазваляла складаць толькі рускамоўныя дагаворы. „Гэта дыскрымінавала па моўнай прыкмеце беларускамоўных грамадзян. Больш за сто прыхільнікаў грамадскай ініцыятывы „Умовы для мовы” адправілі ў міністэрства індывідуальныя звароты з гэтымі прапановамі, і гэта дало вынік”, — пракаментаваў Случак.

Ён лічыць правільным, што міністэрствам падтрыманыя прапановы менавіта ў такім выглядзе — спажыўцы паслуг самі выбіраюць мову дагавора, так як гэта прадугледжвае і заканадаўства іншых краін, дзе некалькі дзяржаўных моў. Пасля прыняцця зменаў у закон больш за 20 асноўных дагавораў на аказанне паслуг ЖКГ — цеплазабеспячэнне, электразабеспячэнне, газазабеспячэнне, вываз смецця і іншае можна будзе складаць на беларускай мове. „Тым не менш, пакуль закон не прыняты, я рэкамендаваў бы не чакаць яго прыняцця, а падаваць заявы для прыцягнення да адказнасці па арт. 9.22 КоАП „Стварэнне перашкодаў у карыстанні дзяржаўнымі мовамі”, калі выканаўцы паслуг ЖКГ адмаўляюцца заключаць беларускамоўныя дагаворы, а таксама скасоўваць існуючыя дагаворы і падаваць заявы ў суд з прычыны дыскрымінацыі па моўнай прыкмеце”, — дадаў юрыст.

Тым часам сайт „Палеская вясна” паведамляе, што ў Рэчыцы аператара паштовай сувязі кіраўніцтва „Белпошты” прэміравала за ўжыванне ў зносінах з кліентамі беларускай мовы. Работніцу заахвоцілі пасля звароту журналіста і вядучага курсаў „Мова нанова” Андрэя Мядзведзева. Таксама ў адказе з „Белпошты” паведамлялася, што на прадпрыемстве яшчэ з 1 снежня 2018 года ўведзены ў дзеянне спецыяльны „Стандарт абслугоўвання беларускамоўных карыстальнікаў паслуг паштовай сувязі”. Згодна з ім, кожны работнік прадпрыемства абавязаны весці дыялог з карыстальнікам паслуг на той дзяржаўнай мове, на якой карыстальнік да яго звярнуўся, — коратка, па сутнасці зададзенага пытання і ў межах сваёй кампетэнцыі.

Для таго каб палегчыць работнікам „Белпошты” выкананне стандарту абслугоўвання, а таксама патрабаванняў закона „Аб мовах” на прадпрыемстве распрацаваны „Пералік тэрмінаў, слоў, словазлучэнняў і прапаноў, якія найбольш часта выкарыстоўваюцца работнікамі паштовай сувязі для вядзення дыялогу з карыстальнікамі паслуг паштовай сувязі”.

belapan.by