Лозка і Шаранкоў выйгралі медалі ў Бухарэсце



Беларускі спартовец Ігар Лозка у вагавай катэгорыі 81 кг заваяваў срэбраную ўзнагароду на юніёрскім чэмпіянаце Еўропы па цяжкай атлетыцы, які праходзіць у Бухарэсце. Ураджэнец Лельчыцаў у двубор’і здолеў ўзяць вагу ў 343 кг (152 у рыўку + 191 у штуршку). Пазней яго партнёр Сяргей Шаранкоў у вагавай катэгорыя 89 кг заваяваў бронзавую ўзнагароду. Беларускі атлет паказаў вынік у 346 кг (161 у рыўку + 185 у штуршку) у суме двубор’я і ўсталяваў новы рэкорд Еўропы сярод юнакоў да 17 гадоў у рыўку, штуршку і двубор’і.

Шэршань выбыў з турніру ў Абу-Дабі

Беларус Дзмітрый Шэршань у вагавай катэгорыі 66 кг выбыў са спісу прэтэндэнтаў на ўзнагароды турніру серыі „Вялікага шлема” па дзюдо, які праходзіць ў Абу-Дабі. Беларусу не ўдалося паўтарыць леташнее дасягненне, калі ён заваяваў бронзавы медаль. Дзмітрый Шэршань ў першым паядынку перамог чэха Паўла Петрыкава і саступіў у другой сутычцы казахстанскаму дзюдаісту Ерлану Серыкжанаву, выбыўшы з медалёвай гонкі. Удзел у турніры бяруць 553 спартоўцы з 95 краін.

Юнакі прайгралі вугорцам у адборы да Еўра 2020

Футбалісты юнацкай зборнай Беларусі згулялі ўнічыю з вугорцамі на старце хатняга адборавага турніру чэмпіянату Еўропы 2020 года. Гульня на поле менскага стадыёна „Трактар” прайшла з перавагай гаспадароў, але дамагчыся поспеху яны не змаглі – нічыя 0:0. Другі паядынак у кваліфікацыйнай групе 6 падначаленыя Андрэя Скарабагацькі правядуць 27 кастрычніка з аднагодкамі з Сербіі, а завершаць турнір 30 кастрычніка гульнёй з латвійскімі футбалістамі.

ЦСКА Віктара Ганчарэнкі зноў прайграў у Лізе Еўропы

Маскоўскі ЦСКА пад кіраўніцтвам беларускага трэнера Віктара Ганчарэнкі прайграў трэці запар матч у футбольнай Лізе Еўропы. Пасля паразаў ад «Лудагорца» 1:5 і «Эспаньёла» 0:2 «армейцы» не змаглі справіцца на хатняй арэне з вугорскім «Ференцварашам», саступіўшы 0:1. Беларускі форвард гасцей Мікалай Сігневіч ўдзелу ў матчы не прымаў. Іншы расейскі клуб «Краснадар» абыграў у гасцях турэцкі «Трабзанспор» – 2:0. Беларус Аляксандр Мартыновіч правёў увесь матч.

Казахстанская «Астана» была разгромлена ў гасцях «АЗ Алкмаарам» – 0:6. Іван Маеўскі адыграў усе 90 хвілін і атрымаў жоўтую картку.

Што тычыцца фаварытаў турніру, то большасць з іх дамаглася чаканых перамог: «Манчэстар Юнайтэд» перамог у гасцях «Партызан» 1:0, «Арсенал» святкаваў валявую перамогу над партугальскай «Віторыяй» 3:2, «Севілья» расправілася з «Дзюдзеланжам» 3:0. А вось італьянская «Рома» не змагла абыграць «Барусію» з Менхенгладбаха – 1:1.

Футбольная зборная Беларусі займае 86-е месца ў абноўленым рэйтынгу Міжнароднай федэрацыі футбола

У параўнанні са спісам ФІФА месячнай даўніны беларуская каманда апусцілася на чатыры пазіцыі. За гэты час падначаленыя Міхаіла Мархеля правялі два хатнія адборавыя матчы Еўра-2020 – згулялі ўнічыю з Эстоніяй 0:0 і саступілі футбалістам Нідэрландаў 1:2. Заключны матч у кваліфікацыйнай групе С беларуская дружына правядзе 16 лістапада ў гасцях у зборнай Нямеччыны, якая займае 16-е месца ў рэйтынгу ФІФА. У першай тройцы рэйтынгу Бельгія, Францыя і Бразілія. Лепшы паказчык з краін былога СССР у зборнай Украіны, якая займае 22-е месца, расейцы знаходзяцца на 37-й пазіцыі. У палякаў 21-ы радок.

Юрый Вернідуб можа ўзначаліць салігорскі „Шахцёр”

Украінскі спецыяліст Юрый Вернідуб можа ўзначаліць салігорскі „Шахцёр”. 53-гадовы трэнер не пацвердзіў, але і не абверг гэтую інфармацыю. “Жыццё пакажа. Не хачу казаць наперад”, – як перадае by.tribuna.com, сказаў Вернідуб. З 2011 па 2019-ы год ён узначальваў луганскую „Зару”. Пад яго кіраўніцтвам клуб у 2016-м годзе змог прабіцца ў групавую стадыю Лігі Еўропы, выйграваў бронзавыя ўзнагароды чэмпіянату Украіны і выходзіў у фінал Кубка Украіны. Вернідуб двойчы прызнаваўся трэнерам года ва Украіне. У цяперашні час галоўным трэнерам „Шахцёра” з’яўляецца Сяргей Ташуеў. Кантракт спецыяліста з клубам завяршаецца ў канцы сезону. Аб прадаўжэнні пагаднення з расейскім трэнерам пакуль не паведамлялася.

Хакеісты гарадзенскага „Нёмана” разграмілі жлобінскі „Металург” у хатнім матчы чэмпіянату Беларусі

Першая дваццаціхвілінка прайшла ў актыўным супрацьстаянні дзвюх каманд і завяршылася без закінутых шайбаў. Пасля перапынку гаспадары лядовай пляцоўкі завалодалі перавагай і шмат разоў атакавалі брамку супернікаў. Лік на 29-й хвіліне матчу адкрыў нападнік „Нёмана” Сяргей Маляўка. Праз 5 хвілін яго падтрымаў партнёр па камандзе форвард Арцём Кіслы. Абаронца „Металурга” Дзмітрый Заламай скараціў адставанне. А пад заслону другога перыяду Арцём Кіслы аформіў дубль. За паўхвіліны да перапынку жлобінскую абарону таксама абыграў форвард Аляксандр Маляўка. У трэцім перыядзе хакеісты „Нёмана” захавалі перавагу. На 56-й хвіліне матчу шайбу ў брамку „Металурга” закінуў Ціма Хільтунен. Кропку ў супрацьстаянні паставіў яго партнёр па камандзе Антон Грышанаў – 6:1. Яшчэ ў адным матчы чэмпіянату Беларусі хакеісты салігорскага „Шахцёра” на хатняй пляцоўцы саступілі маладэчанскаму „Дынама” – 1:3.

Аляксандр Андрыеўскі будзе галоўным трэнерам клуба КХЛ «Сочы»

Новым галоўным трэнерам хакейнага клуба «Сочы» стане беларус Аляксандр Андрыеўскі, паведамляе «Чэмпіянат». На дадзены момант серыя паразаў «леапардаў» складае восем матчаў. Пад кіраўніцтвам Леаніда Бераснева, які змяніў на пасадзе галоўнага трэнера Сяргея Зубава, паўднёўцы не дамагліся яшчэ ніводнай перамогі. Аляксандр Андрыеўскі працаваў у КХЛ з менскім «Дынама», уладзівастоцкім «Адміралам» і навасібірскай «Сібір’ю». Перад пачаткам гэтага сезону беларускі спецыяліст павінен быў зноў узначаліць «Дынама», але праз некалькі дзён пасля аб’явы аб дамоўленасці менчукі паведамілі, што Андрыеўскі трэніраваць каманду ўсё ж такі не будзе.

Баскетбалісткі „Цмокi-Мiнск” пацярпелі другую паразу ў розыгрышы Еўракубка

На пляцоўцы менскага Палаца спорту ў паядынку з краснаярскім „Енісеем” чэмпіёнкі Беларусі прайгралі першую чвэрць з розніцай у 7 ачкоў, а да вялікага перапынку амаль дагналі суперніц – 36:38. У другой палове матчу гульня ішла на роўных, за дзве хвіліны да фінальнай сірэны была нічыя – 63:63, але ў канцоўцы госці апынуліся мацней і выйгралі з лікам 70:68. У складзе беларускай дружыны самай выніковай стала Вікторыя Гаспер, якая набрала 18 ачкоў.

Кірыенка працягнуў кантракт з брытанскай INEOS

Чэмпіён свету ў гонцы з раздзельным стартам на шашы 2015 года, двухразовы пераможца Еўрапейскіх гульняў у індывідуальнай гонцы з раздзельным стартам на шашы 2019 года Васіль Кірыенка на год працягнуў працоўнае пагадненне з брытанскай велакамандай INEOS. Такая інфармацыя размешчана на афіцыйным сайце дружыны, якая базуецца ў Манчэстэры. Беларус выступае ў брытанскай камандзе з 2013 года. Вясной 2018 га ураджэнец Рэчыцы перапыніў кар’еру з-за праблем з сэрцам і прайшоў курс лячэння. Вярнуўшыся ў спорт, ён выйграў золата II Еўрапейскіх гульняў у Менску.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя