Сабаленка згуляе з чэшкай Мухавай у паўфінале турніру ў Кітаі



Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка, якая займае 14-е месца ў сусветным рэйтынгу, выйшла ў паўфінал малога выніковага турніру Жаночай тэніснай асацыяцыі ў кітайскім Чжухаі.

У заключным матчы групавога этапу Арына выйграла ў трохсэтавым паядынку – 6:4, 3:6, 7:5 у сваёй партнёркі па парных спаборніцтвах бельгійкі Элізэ Мёртэнс. Сустрэча працягвалася 2 гадзіны 22 хвіліны. У паўфінале суперніцай беларускі будзе чэшская тэнісістка Караліна Мухава. У іншым паўфінале сёння тэнісістка з Нідэрландаў Кікі Бёртэнс сустрэнецца з кітаянкай Чжэн Сайсай. Агульны прызавы фонд турніру ў Чжухаі складае больш за  2 мільёны 400 тысяч даляраў.

Браты Бекмурзаевы пакідаюць турнір у Абу-Дабі без медалёў

Тры беларускія атлеты выбылі са спісу прэтэндэнтаў на ўзнагароды турніру серыі „Вялікага шлема” па дзюдо, які праходзіць у Абу-Дабі.

Беларус Юнус Бекмурзаеў у вагавай катэгорыі 81 кг выйграў у першым паядынку ў азербайджанскага атлета Фагана Гулузады, але саступіў карэйскаму дзюдаісту Лі Муну Джыну і выбыў з медалёвай гонкі. Яго брат Юсуп Бекмурзаеў у вазе 81 кг прайграў сваю першую сутычку.

Беларусы мацней за вугорцаў у кваліфікацыі да міні-футбольнага мундыяля

Зборная Беларусі па міні-футболе перамагла каманду Вугоршчыны ў кваліфікацыі чэмпіянату свету 2020 года. У другім туры спаборніцтваў у 4-й адборавай групе беларусы перайгралі супернікаў з лікам 2:0. Абодва мячы былі забітыя ў другой палове сустрэчы – на 28-й хвіліне вызначыўся Уладзімір Жыгалка, а яшчэ праз 10 хвілін кропку паставіў Павел Рагавік. У першым матчы падначаленыя Аляксандра Савінцава згулялі ўнічыю з італьянцамі — 3:3. Фінальная стадыя 9-га чэмпіянату планеты па міні-футболе пройдзе восенню наступнага года ў Літве.

«Нёман» абыграў «Мінск», дзякуючы аўтаголу суперніка

Футбалісты гарадзенскага „Нёмана” адолелі „Мінск” у першым матчы 26-га тура чэмпіянату Беларусі. Адзіны гол у гэтай сустрэчы быў забіты на 5-й хвіліне, калі сербскі абаронца менчукоў Алекса Відзіч адправіў мяч у браму сваёй каманды. Дзякуючы гэтай перамозе „Нёман” набраў 32 ачкі і падняўся на 8-е месца ў турнірнай табліцы. Лідар нацыянальнага першынства берасцейскае „Дынама” свой паядынак гэтага тура правядзе сёння ў гасцях у „Гомеля”. Цэнтральны матч 26-га тура пройдзе заўтра ў Салігорску, дзе мясцовы „Шахцёр” прыме барысаўскі БАТЭ.

Маскоўскі ЦСКА не плануе расставацца з беларускім настаўнікам каманды Віктарам Ганчарэнкам

У клубе першапачаткова разумелі, што бягучы сезон будзе складацца для каманды няпроста. Паведамляецца, што кіраўніцтва клуба ўспрымае бягучае становішча „армейцаў” як штатнае, а таму да зімы ніякіх перастановак на трэнерскай пасадзе не будзе. Ганчарэнка ўзначальвае ЦСКА са снежня 2016 года. Пад яго кіраўніцтвам маскоўскі клуб двойчы станавіўся срэбраным прызёрам чэмпіянату Расеі, а ў мінулым годзе выйграў Суперкубак краіны. Пасля 13 тураў „армейцы” дзеляць 4-5-е месцы ў табліцы расейскай прэм’ер-лігі з „Растовам”. У каманд па 26 набраных ачкоў. Па выніках трох тураў групавога этапу Лігі Еўропы каманда займае апошні радок у сваёй групе. У каманды тры паразы з агульным лікам 1:8.

Двурэчанскі перайшоў з «Шахцёра» ў «Нёман»

Расейскі форвард Мікіта Двурэчанскі, які пачынаў сезон у салігорскім „Шахцёры”, падпісаў кантракт з „Нёманам”. Такая інфармацыя размешчана на афіцыйным сайце Беларускай федэрацыі хакея.  Мікіта Двурэчанскі паспеў правесці за салігарчанаў 10 матчаў у экстралізе А, у якіх адзначыўся 6 (1 + 5) баламі пры паказчыку карыснасці „-2”. На гэтым адрэзку „гарнякі” маюць чатыры перамогі пры шасці паразах. Адзіны гол форвард забіў „Магілёву” ў дэбютнай гульні за каманду, даслаўшы шайбу ў пустую брамку. У выніку трэнерскі штаб „Шахцёра” вырашыў расстацца з хакеістам, пасля чаго Мікіта Двурэчанскі адправіўся ў Гародню.

Нападнік мае вялікі вопыт выступаў у Кантынентальнай хакейнай лізе. Ён гуляў за „Віцязь”, „Сібір”, „Тарпеда”, „Нафтахімік” і „Югру”. Усяго ў КХЛ Двурэчанскі прыняў удзел у 265 матчах і набраў 50 (32 + 18) ачкоў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота WTA