Святлана Алексіевіч абраная старшынёй Беларускага ПЭН-цэнтра (абноўлена)



Віцэ-прэзідэнт Міжнароднага ПЭН-клуба лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч абраная старшынёй Беларускага ПЭН-цэнтра.

Такое рашэнне было прынята 26 кастрычніка на агульным сходзе грамадскага аб’яднання.

Першым намеснікам старшыні абралі Таццяну Нядбай, якая ўзначальвала аб`яднанне з 2017 года, другім — Андрэя Хадановіча (кіраўнік ПЭН-цэнтра ў 2009—2017 гадах), трэцім — Марыю Мартысевіч (да гэтага старшыня кантрольна-рэвізійнай камісіі аб`яднання).

У савет аб`яднання, у які аўтаматычна ўваходзяць старшыня і яго намеснікі, абралі таксама Уладзіміра Арлова, Лявона Баршчэўскага і Сяргея Дубаўца.

На сходзе быў разгледжаны шэраг змяненняў у статут арганізацыі.

* * * 

Літаратара і палітычнага дзеяча Паўла Севярынца аднавілі ў складзе сябраў Беларускага ПЭН-цэнтра. На агульным сходзе арганізацыі, які праходзіць сёння ў Менску, за такое рашэнне прагаласавалі больш за палову ўдзельнікаў.

Нагадаем, Павел Севярынец быў выключаны з арганізацыі з прычыны таго, што колькі гадоў запар не плаціў чаленскіх унёскаў. Ён матываваў гэта нязгодай з тым, што ПЭН-цэнтр нібыта займаецца прапагандай гомасексуалізму. За колькі дзён да з’езду Севярынец выступіў з адкрытым лістом, у якім заклікаў прыбраць з Рады арганізацыі “марксісцкіх камісараў”. Таксама Севярынец заявіў, што адбываецца пераслед хрысціянскіх літаратараў, якіх не прымаюць у арганізацыю.

Да пачатку агульнага сходу Севярынец кампенсаваў запазычанасць перад аб’яднаннем па узносах. Выступаючы перад членамі ПЭН-цэнтра, ён заявіў, што яго выключылі за іншадумства. Адкрытую заяву з выкрыццём палітыкі кіраўніцтва аб’яднання, якую палітык апублікаваў за некалькі дзён да з’езда, ён прызнаў „занадта эмацыйнай”, але ад сваіх думак не адмовіўся. „Ідэалогію гей-прапаганды, гендара, фемінізму лічу шкоднай”, — сказаў ён на сходзе.

Разам з Севярынцам адноўленыя ў ПЭН-цэнтры Сямён Букчын і Сяргей Шапран. Удзельнікі сходу, якія галасавалі супраць Севярынца, пакінулі імпрэзу і, на іх думку, пазбавілі сход кворуму.

Дэлегаты, якія засталіся, прынялі рашэнне працягваць сход.

* * * 

У сталічным Палацы мастацтва 26 кастрычніка адкрыўся агульны сход членаў Беларускага ПЭН-цэнтра, на якім будзе абранае новае кіраўніцтва гэтага грамадскага аб’яднання.

На парадку дня сходу — уручэнне прэміі імя Алеся Адамовіча за лепшы публіцыстычны твор, прысвечаны актуальным праблемам сучаснасці, а таксама прэміі імя Карласа Шэрмана для аўтараў літаратурных перакладаў на беларускую мову.

Дзейны старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Таццяна Нядбай і яе намеснікі Павел Анціпаў, Уладзімір Лянкевіч, Алена Казлова, а таксама кіраўнік кантрольна-рэвізійнай камісіі Марыя Мартысевіч прадставяць справаздачы па дзейнасці арганізацыі за перыяд, які прайшоў з папярэдняга сходу.

Пасля гэтага члены арганізацыі абяруць новае кіраўніцтва грамадскага аб’яднання.

Беларускі ПЭН-цэнтр быў створаны ў 1989 годзе. У якасці грамадскага аб’яднання зарэгістраваны Міністэрствам юстыцыі ў лістападзе 1990 года, перарэгістраваны ў кастрычніку 1999-га.

З 1990 года з’яўляецца часткай Міжнароднага ПЭН-клуба — Сусветнага аб’яднання прафесійных літаратараў, створанага ў 1921 годзе для пашырэння супрацоўніцтва прадстаўнікоў творчых прафесій і абароны іх правоў. У 2016 годзе Міжнародны ПЭН-клуб налічваў больш за 140 аўтаномных прадстаўніцтваў у розных краінах.

belapan.by