У Віцебску рыхтуюць фотавыставу “Хайсы –“віцебскія Курапаты”
Матэрыялы для яе цягам пяці гадоў збіралі ўдзельнікі аднайменнай ініцыятывы, якія ўпершыню трапілі ў “расстрэльны лес” каля вёсак Хайсы і Дрыколле Віцебскага раёну. Мясцовыя жыхары паказалі віцяблянам страшэннае відовішча – чалавечыя косткі і чарапы з адтулінамі ў патыліцы, раскіданыя па лесе. Верагодна, што безыменнае пахаванне разрабавалі “чорныя капальнікі”, і жыхары бліжэйшых вёсак заўважылі гэта, калі хадзілі ў грыбы ці ягады.
Наведнікі фотавыставы змогуць убачыць мясціны трагедыі такімі, якімі іх упершыню ўбачылі ўдзельнікі ініцыятывы “Хайсы –“віцебскія Курапаты”, кажа ініцыятар выставы Ян Дзяржаўцаў:
– На фотаздымках можна ўбачыць косткі, парэшткі людзей, якія мы ўпершыню ўбачылі ў 2014-м годзе, і фота працы па ўпарадкаванні, усталяванні крыжоў – усяго, што мы зрабілі дзеля ўшанавання памяці ахвяраў сталінскага тэрору.
Удзельнікі ініцыятывы запісалі каля 40 сведчанняў мясцовых старажылаў, якія распавялі пра тое, як у 1937-38 гадах у лесе каля вёсак Хайсы і Дрыколле адбываліся расстрэлы мірных жыхароў. Але ўлады не бяруць іх да ўвагі, і дагэтуль не зробленыя афіцыйныя высновы пра тое, што знойдзена невядомае пахаванне ахвяраў сталінізму. Пасля працы 52-га пашуковага батальёну, які эксгумаваў чалавечыя парэшткі, толькі крыжы, пастаўленыя актывістамі, нагадваюць пра колішнюю трагедыю. Паглядзець на страшныя знаходкі, пазнаёміцца з дакументамі і сведчаннямі відавочцаў ахвотныя змогуць на фотавыставе, якая мае адчыніцца аб 11-й гадзіне 30-га кастрычніка ў віцебскім касцёле Езуса Міласэрнага.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск