Дэпутаты Каліноўскага



Аўтобус на Свіслач, каб гарадзенцы маглі даехаць да месца, дзе сабраліся традыцыйна ўшанаваць памяць герояў палеглых за Радзіму пад час паўстання Кастуся Каліноўскага, прыехаў на месца збору своечасова. Прысутныя ўздыхнулі з палёгкай. Бо тое, што ён заказаны і дамоўлены, у сённяшніх беларускіх умовах яшчэ не дае гарантый, што прыедзе. Больш чым за два дзясяткі гадоў штогадовай акцыі, патрыёты сутыкнуліся з мноствам варыянтаў з боку ўладаў, каб сарваць даездку. То аўтобус у іх ламаўся, то колы спускаліся прама па дарозе, то міліцыя спыняла і штосьці папярэджвала… Усяго не пералічыш…

Але заўсёды даязджалі. Бо на кожнае дзеянне, ёсць супрацьдзеянне. На кожную прыдумку з таго боку, ёсць напружаная праца інтэлекту з гэтага.

Вось і ў гэтым годзе, каб пазбегнуць таксама традыцыйных як і сама гэта акцыя пераследаў і пакаранняў, адзін з кандыдатаў у дэпутаты Максім Губарэвіч паслаў свіслацкім уладам паведамленне, што ён як кандыдат будзе ў Свіслачы праводзіць сустрэчы з выбарцамі. І на магіле Віктара Каліноўскага будзе праводзіць, і ля помніка Кастусю Каліноўскаму, і ля іх родавай сядзібы ў Якушоўцы…

А што, добрая ідэя. А дзе яшчэ ў такіх умовах як сёння, калі працягвае вісець пагроза дзяржаўнаму суверэнітэту, ну дзе яшчэ павінен праводзіць свае сустрэчы сумленны і праўдзівы кандыдат у дэпутаты?! Ясна што тут!

Перакананы, што прыйдзе такі час, калі выбаршчыкі і разглядаць сур’ёзна не будуць  таго кандыдата, які ні разу не пабываў на ўшанаванні памяці сваіх нацыянальных герояў на такіх вось святых для кожнага патрыёта месцах. Ды што там патрыёта! Для кожнага сумленнага грамадзяніна сваёй Краіны! Зрэшты, гэта адно і тое. Сумленны Грамадзянін не можа не быць Патрыётам. І напэўна гэта будзе неўзабаве.

Ну а гэты год асаблівы. У Вільні хутка будзе перапахаванне парэшткаў кіраўніка беларускага паўстання Кастуся Каліноўскага. З тае нагоды і з боку беларускіх уладаў прагучалі завярэнні, што і яны таксама нібыта шануюць гэтага славутага героя. Чаму ў такім разе яны штогод хапаюць удзельнікаў ушанавальнага мерапрыемства ў Свіслачы, чаму пераследуюць і караюць іх, гэтага прадстаўнікі ўладаў тлумачыць не сталі. А што яны маглі б патлумачыць сваім замежным калегам, нават каб і хацелі?! Нідзе ў свеце няма такога сораму, такой ганьбы, каб улады краіны каралі сваіх грамадзян за ўшанаванне памяці сваіх жа нацыянальных герояў! Што тут патлумачыш?! Але, як ужо гаварылася, на кожнае дзеянне ёсць супрацьдзеянне.

А магілай Віктара Каліноўскага улады ўсё ж зацікавіліся. Хіба не самыя зацікавіліся, суседзі напэўна намовілі. Нават следчы камітэт прыязджаў, раскопваў магілу. Цікава, што яны больш хацелі, знайсці там штось, ці не знайсці? Зрэшты, кожны знаходзіць тое, што шукае. Такая праўда жыцця. І як сказаў на магіле Віктара Каліноўскага Уладзімір Хільмановіч, які і пісаў пра гэта раней і неаднойчы, магіла гэтая не ўмоўная, а як мінімум прыблізная, а можа і дакладная.

Вось так! І мы збіраемся тут не сантыметры мераць, на якія яна магла адсунуцца ўправа ці ўлева з гадамі. А збіраемся, каб тут набірацца патрыятычнага духу нашых вялікіх і славутых продкаў! Каб набрацца іх волі і велічы! Каб набрацца іх смеласці і адвагі! Тут, у Свіслачы, ля рэальнага помніка, на рэальным месцы пахавання нашых герояў…

А зямелька наша ўся касцямі герояў ды пакутнікаў засыпаная. Уся іх крывёй палітая. Ёсць каго шанаваць, ёсць дзе шанаваць, было бы на тое жаданне і воля. І не трэба нам прывозіць парэшткі нашых герояў з-за мяжы. Прынамсі цяпер. Нам не мёртвых касцей бракуе. Нам жывых касцей не хапае, якія прыходзяць на магілы мёртвых герояў, каб аддаць тым належную даніну павагі.

Але галоўнае, што яны насуперак усяму ёсць! Кандыдатаў Каліноўскага становіцца ўсё больш. І становяцца яны ўсё мацнейшыя ды мудрэйшыя. І лунаюць над магілай Віктара Каліноўскага бела-чырвона-белыя сцягі. Трапешчыцца ў тых сцягах вольны ветрык Зямлі Беларускай і цешыцца… Цешыцца, што не забываюць нашчадкі сваіх славутых продкаў. Што стараюцца ўпадобніцца да іх…

Гэтым годам надвор’е ў Свіслачы было цудоўнае.

Ды ўсё там было цудоўна.

Віктар Сазонаў

Беларускае Радыё РАЦЫЯ