У Беластоку зменяць назву вуліцы Лупашкі (абноўлена)



У Беластоку будзе Падляшская вуліца,  а не вуліца імя маёра Зыгмунта Шэндзеляжа “Лупашкі” . Вырашыў толькі адзін голас  падчас сённяшняга галасавання ў справе змены назвы вуліцы на Скарупах. Перад галасаваннем выступалі праціўнікі змены назвы вуліцы, некалькі дзясяткаў якіх прыйшлі на сэсію:

– Дзякуючы такім героям мы жывем сёння ў свабоднай краіне. Ганьба! Гэта ганьба!

– Маёр ваяваў за Польшчу дэмакратычную і свабодную, свабодную ад Захаду і Усходу.

– Маёр Зыгмунт Шэндзеляж «Лупашка» заслужаны… Слава героям!

– Мы, прадстаўнікі «Канфедэрацыі», у наступных выбарах зробім усё, каб адмяніць гэта.

У цяперашняй радзе горада большасць належыць Грамадзянскай кааліцыі, у склад якой уваходзяць радныя форуму меншасці Падляшша, якія і ініцыявалі змену назвы вуліцы:

– Вельмі добра сталася, што сёння рада горада Беластока большасцю галасоў прагаласавала за змену гэтай супярэчлівай вуліцы на вуліцу Падляшскую.

– Тое, што мы аспрэчваем – ці „герой” можа мардаваць жанчын і дзяцей. Ці можа гэта рабіць дзеля ідэі нацыянальнай, дзяржаўнай? Я лічу, што нельга.

– Нашай мэтай была змена, а не канфрантацыя. Мы ў Беластоку павінны ўнікаць такіх канфліктаў, мы гэта сёння зрабілі, а не абвастраць іх.

Вуліцу на беластоцкіх Скарупах назвалі імем Зыгмунта Шэндзеляжа „Лупашкі” ў красавіку мінулага года, галасамі радных “Права і справядлівасці”, якія тады мелі большасць галасоў у радзе горада. Назва выклікала супярэчнасці, на шыльдах перыядычна з’яўляліся надпісы: забойца.

***

Ці Лупашка застанецца патронам вуліцы ў Беластоку? Гэта вырашаць радныя горада ў галасаванні, якое пройдзе сёння на сесіі рады горада.

Адзін з пунктаў сесіі – перайменаванне вуліцы імя Зыгмунта Шэндзеляжа, псеўданім “Лупашка”. Як сказаў у ранішнім эфіры госць Рацыі радны Беластока ад “Форума меншасці Падляшша” Томаш Каліноўскі, радныя Грамадзянскай кааліцыі хочуць перайменаваць вуліцу ў Падляшскую:

– Была петыцыя ў сакавіку гэтага года, каб змяніць назву Лупашкі на 100-годдзе правоў жанчын. Мы з такой ініцыятывай выступаем. Мы супольна з Грамадзянскай кааліцыяй пастанавілі таксама, каб аднак назваць гэтую вуліцу, як яна называлася першапачаткова – Падляшскую. Проста мы ў Беластоку хочам, каб не было такіх вуліц, якія падзяляюць людзей. Мы хочам Беласток шматкультурны. Не хочам такіх вуліц, дзе праваслаўныя, або католікі, габрэі, мусульмане ці іншыя меншасці супрацьпастаўлялі сябе іншым.

Вясной мінулага года адной з вуліц Беластока было прысвоена імя Лупашкі. Многія беластачане выказвалі пратэст, матывуючы, што маёр Лупашка адказны за пацыфікацыі беларускіх вёсак на Беласточчыне Патоку і Вілюкі, а таксама забойства цывільных жыхароў. Правыя сілы Беластока заклікаюць захаваць назву вуліцы, яны лічаць Лупашку нацыянальным героем, які змагаўся з камунізмам.

Цалкам матэрыял у далучаным файле:

Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток