Таварыства інвалідаў па зроку Берасцейшчыны падвяло вынікі года
Каля двухсот чалавек з праблемамі зроку звярнуліся па дапамогу ў рэабілітацыі на Берасцейшчыне. Такія вынікі дзейнасці за мінулы год падвялі прадстаўнікі Берасцейскага аддзялення Таварыства інвалідаў па зроку. Усе гэтыя людзі атрымліваюць кансультацыі па працаўладкаванні, магчымасцях адаптацыі ў гарадскім асяроддзі, удзельнічаюць у міжнародных праектах і займаюцца грамадскай дзейнасцю, – распавяла старшыня Берасцейскай абласной арганізацыі БелТІЗ Ірына Юрэня:
– Штогод толькі па Берасцейскай вобласці групу інваліднасці атрымліваюць ад 300 да 400 чалавек. У нашае грамадскае аб’яднанне прыходзіць каля 40-45%. Мы лічым, што гэта досыць добрая лічба, таму што, калі астатнія не прыходзяць, гэта азначае, што пакуль ім не патрэбная наша дапамога, азначае, што яны досыць добра адаптаваныя ў грамадстве. Але дзе атрымаць дапамогу яны выдатна ведаюць.
Са словаў Ірыны Юрэня, толькі за 2014 год сябрамі арганізацыі ў межах міжнароднага праекту на ўзроўні вобласці было распрацавана больш за тысячу маршрутаў для GPS-навігацыі і праведзена некалькі дзясяткаў культурніціх мерапрыемстваў.
Беларускае Радыё Рацыя