Міхась Скобла ўзнагароджаны прэстыжнай украінскай прэміяй



Пісьменнік Міхась Скобла ўзнагароджаны прэстыжнай украінскай прэміяй імя Панцеляймона Куліша.

Уручэнне адбылося 26 кастрычніка ў Чарнігаве на ўкраінска-беларускім літаратурным фестывалі імя Уладзіслава Ахроменкі. Фестываль сёлета адбыўся ўпершыню, мяркуецца зрабіць яго штогадовым.

Падчас уручэння прэміі Міхась Скобла сказаў: «Я ўдзячны Міжнароднай літаратурна-мастацкай акадэміі Украіны за такую высокую адзнаку маёй працы, як перакладчыка ўкраінскай паэзіі. Літаральна перад ад’ездам ва Украіну, я здаў у выдавецтва Зміцера Коласа зборнік Дзмітра Паўлычкі, які павінен выйсці сёлета ў папулярнай серыі «Паэты планеты». У нас з украінцамі шмат агульнага: мы адбіваліся ад агульных ворагаў, мы сядзелі ў адных турмах, мы спяваем адны песні. І калі перакладаеш таго ж Паўлычку ці Ліну Кастэнку, Васіля Стуса ці Івана Андрусяка, Васіля Галабародзьку ці Васіля Герасімюка, то разумееш – гэта і пра нас, беларусаў. Нядаўна кіраўнік Хмяльніцкай абласной пісьменніцкай арганізацыі Пятро Маліш падараваў мне Анталогію ўкраінскай паэзіі ХХ стагоддзя – 2000 старонак у адным томе (укладанне Івана Малковіча), так што арыгіналамі я забяспечаны на многія гады. Буду  перакладаць, буду дзяліцца сваёй чытацкай радасцю з беларускімі чытачамі».

Нагадаем, што прэмія імя Панцеляймона Куліша была заснавана ў 2014 годзе Міжнароднай літаратурна-мастацкай Акадэміяй Украіны, якая аб’ядноўвае 55 вядомых пісьменнікаў, перакладчыкаў, навукоўцаў, журналістаў і грамадскіх дзеячаў з 55-ці краін свету. Сярод лаўрэатаў гэтай прэміі былі Славамір Мрожак, Валерый Шаўчук, Міхайла Сідаржэўскі і іншыя вядомыя творчыя асобы.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя