Марыя Міцкевіч: У сэрцы ў нас заўжды – бел-чырвона-белы сцяг і „Пагоня”



Госць радыё «Рацыя» – Марыя Міцкевіч, унучка Якуба Коласа, заснавальніца Грамадскага аб’яднання «Дзіцячы фонд духоўнага і культурнага адраджэння «Сакавік».

Чаму фонд атрымаў менавіта такую назву, калі і дзеля чаго быў створаны і чым займаецца сёння. Пра гэта ды іншае з Марыяй Міцкевіч размаўляюць Ганна Комінч і Юрка Ляшчынскі.

РР: Здаецца, кожны беларус, дзе б ён не жыў, ведае першыя радкі «Новай зямлі» вашага дзеда Якуба Коласа: мой родны кут, як ты мне мілы, забыць цябе не маю сілы… Ці клапоціцца беларуская дзяржава пра тых беларусаў, якія падаліся ў эміграцыю?

– Думаю, што беларуская дзяржава зусім не клапоціцца. Навошта ім клапоціцца. Але нейкія зрухі там ёсць, ужо створаны камітэт па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве замежных спраў. Але, думаю, што гэта вельмі складана для нашых уладаў. Таму што і тут мала што робіцца ў справе захавання і мовы, і культуры, і гэтага ўсяго. Вельмі падабаецца тэма беларускага замежжа. Некалі я працавала ў Адама Мальдзіса ў «Скарынаўскім цэнтры», і таму мяне зацікавіла тэма беларускага замежжа, тым больш, што родны брат майго дзеда Міхась Міцкевіч доўгі час жыў у ЗША. Ён пераклаў Евангелле на беларускую мову, і я з ім яшчэ магла сустрэцца. І паколькі я сябрую з беларускім замежжам, то мой фонд наладжваў сустрэчы, бо беларускае замежжа дапамагала ў працы пасля Чарнобыльскай катастрофы, прыязджалі і бралі дзяцей на аздараўленне. І я ездзіла туды і там бліжэй пазнаёмілася з айцом Аляксандрам Надсанам у Лондане.

РР: А ў якой ступені беларускае замежжа дапамагала адраджэнню Беларусі ў 80-ыя гады і цяпер, бо зараз гэта зусім іншае замежжа. Тады была палітычная эміграцыя, зараз, у асноўным, гэта эканамічная?

– Я больш звязаная была з палітычнай эміграцыяй. Калі трапіла першы раз на Кангрэс беларусаў Паўночнай Амерыкі, гэта быў 1991 год, пазнаёмілася з Кіпелем, Запруднікам. Я, сапраўды, была здзіўленая, што там, у Злучаных Штатах, ведаюць майго дзеда, друкуюцца яго творы, выдаюцца ў газетах і часопісах. Гэта адна з тэмаў майго даследавання: Якуб Колас у эміграцыйным друку.

РР: Каб не было эміграцыі, не было б і вяртання Беларусі да нацыянальнай сімволікі, не было б сённяшняй ідэі незалежнасці.

– Канешне, бо нас сутракалі заўжды з бел-чырвона-белымі сцягамі. Калі я вярнулася са Штатаў, то  сама пачала ўжо шыць гэтыя сцягі. У сэрцы ў нас заўжды – бел-чырвона-белы сцяг і „Пагоня”. У мяне нават ёсць маленькі сакрэт на гэтую тэму.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: minsknews.by