У Беларусі пачала працу місія МВФ
Аглядная місія Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) пачала працу ў Беларусі, паведамілі БелаПАН у прадстаўніцтве фонду ў Менску.
„Місія персаналу фонду на чале з яе кіраўніком па Беларусі Жакам Міньянам будзе працаваць у Менску з 29 кастрычніка па 5 лістапада. Мэта работы традыцыйнай штогадовай місіі — агляд бягучай эканамічнай сітуацыі ў краіне і працяг кансультацый з уладамі па мерах эканамічнай палітыкі”, — удакладнілі ў прадстаўніцтве.
З 15 па 20 кастрычніка беларуская дэлегацыя знаходзілася ў Вашынгтоне для ўдзелу ў восеньскіх штогадовых пасяджэннях саветаў кіраўнікоў МВФ і групы Сусветнага банка. У склад дэлегацыі ўваходзілі міністры эканомікі і фінансаў Дзмітрый Крутой і Максім Ермаловіч, а таксама намеснік старшыні праўлення Нацбанка Дзмітрый Калечыц.
22 кастрычніка Калечыц заявіў журналістам у Мінску, што Беларусь пакуль не абмяркоўвае з Міжнародным валютным фондам умовы аднаўлення перамоў аб крэдытнай праграме. Ён адзначыў, што ў рамках восеньскай сесіі МВФ і Сусветнага банка беларускі бок абмяркоўваў з фондам пытанні, звязаныя з ацэнкай макраэканамічнай сітуацыі ў краіне і будучага прагнозу на наступныя гады. „На наступным тыдні чакаецца місія МВФ, у рамках якой мы ўдакладнім бягучыя ацэнкі і адносна прагнозу”, — сказаў Калечыц.
„Мы абмяркоўвалі толькі пытанні, звязаныя з ацэнкай агульнаэканамічных паказчыкаў, і прагнозы на будучы год плюс пытанні тэхнічнай падтрымкі з боку МВФ. Там шырокая праблематыка па гэтай частцы як па манетарнай, так і па фіскальнай палітыцы”, — сказаў прадстаўнік Нацбанка.
Адказваючы на пытанне БелаПАН адносна ўмоў аднаўлення перамоў аб праграме з МВФ, ён заявіў: „Я не буду каментаваць гэтыя рэчы, паколькі гэтыя пытанні мы не абмяркоўваем цяпер з МВФ”.
Раней міністр фінансаў Максім Ермаловіч адзначаў, што ў беларускага боку з МВФ „база для перамоваў ёсць”. „Мы плануем падчас штогадовага пасяджэння Савета кіраўнікоў МВФ і Сусветнага банка абмеркаваць вынікі рэалізацыі ўрадам мер па стабілізацыі макраэканамічнай сітуацыі і магчымасці для пачатку праграмы з МВФ. Менавіта з мэтай падтрымкі структурных зменаў”, — заявіў Ермаловіч.
Беларусь з прадстаўнікамі Сусветнага банка і Міжнароднага валютнага фонду пастаянна абмяркоўвае пытанні рэалізацыі структурных рэформаў. Да 2017 года гэта адбывалася ў рамках перамоваў аб новай крэдытнай праграме з фондам, аднак з-за разыходжання поглядаў на хуткасць рэформаў перамовы аб крэдытнай праграме былі прыпыненыя.
У пачатку гэтага года беларускі ўрад і Сусветны банк пачалі падрыхтоўку дарожнай карты структурных рэформаў. Меркавалася, што дакумент будзе ўзгоднены сёлета, але ў верасні рэгіянальны дырэктар Сусветнага банка па Беларусі, Малдове і Украіне Сату Кахканен падчас сустрэчы з членамі беларускага ўрада адзначыла, што паміж распрацоўшчыкамі дарожнай карты захоўваюцца рознагалоссі, а менавіта па пытанні хуткасці павышэння тарыфаў на ацяпленне, рэформе дзяржаўных прадпрыемстваў, субсідыях, дырэктыўным крэдытаванні.