Ірына Вештард: Хто хоча пачуць, той пачуе



Кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Ірына Вештард, якая з’яўляецца намеснікам старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і балатуецца па Смаргонскай акрузе №59, распавяла, чаму яна скептычна ацэньвае свае шанцы патрапіць у парламент.

Ірына Вештард: Шчыра кажучы, асабіста я і не імкнулася вылучаць сваю кандыдатуру, але, як кажуць, партыя сказала: «Трэба!» Прасцей пагадзіцца, чым упірацца. Таму ўдзел у гэтай кампаніі выкарыстоўваем найперш у партыйных мэтах.

РР: Наколькі я зразумеў, на перамогу не разлічваеце?

Ірына Вештард: Мяркуеце, варта чакаць рэальнай канкурэнтнай барацьбы паміж кандыдатамі? Я ў гэта не веру. У першую чаргу мне хочацца давесці да выбарцаў задачы нашай партыі, гэта галоўнае ў кампаніі. Трэба паказаць людзям, што ў краіне ёсць і альтэрнатыва, а не толькі адзіна правільная лінія партыі. У нас таксама ёсць свая праграма адносна таго, куды і як павінна рухацца Беларусь, таму ўсё гэта даводжу разам з іншымі партыйцамі да выбарцаў. Хто хоча пачуць, той пачуе. Жыццё рухаецца наперад, я абсалютна пераканана, што наступяць часы, калі будуць абіраць дэпутатаў і па партыйных спісах. Таму ўжо сёння ты павінен быць на слыху, мы працуем на будучыню. Акрамя таго, на мой погляд, партыя, якая наогул не ўдзельнічае ў партыйным жыцці, яна становіцца маргінальнай. Павінна быць нейкая праца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя