Сустрэчу з кандыдатам адмянілі, бо праслухоўваюць праваабаронцу?
Бярозаўскія пенсіянеры не сустрэліся з кандыдатам у дэпутаты Аляксандрам Ляўчуком у сацыяльным цэнтры па вул Леніна, куды іх запрашала супрацоўніца. Яна паведаміла, што такое заданне ёй даў намеснік дырэктара сацыяльнага цэнтра тэрытарыяльнага абслугоўвання Міхаіл Барушка.
Але намеснік начальніка з’явіўся сам і сказаў, што такога задання не даваў і ніякага кандыдата не будзе:
– А сустрэча з кандыдатам у дэпутаты ў нас не планавалася, паважаныя. Я каманды такой не даваў. У мяне сустрэча была дзеля таго, каб распавесці, як збудавана дзяржаўнае кіраванне.
Прысутны на сустрэчы сябра праваабарончага цэнтра «Вясна», доўгатэрміновы назіральнік за выбарамі ад кампаніі «Праваабаронцы за справядлівыя выбары» Сяржук Русецкі ўпэўніўся, што тэлефоны актывістаў праслухоўваюцца спецслужбамі, а сустрэча была адменена раптоўна.
Кажа Сяржук Русецкі:
– Па тэлефонах размаўлялі, што збіраемся прыйсці на сустрэчу. А паколькі райвыканкамам вызначаны спецыяльныя месцы для правядзення такіх сустрэчаў і Цэнтр сацыяльнай дапамогі ніяк сюды не адносіцца, і каб не было ніякага інцыдэнту, што ёсць парушэнне выбарчага заканадаўства, я думаю, таму і адмянілася гэтая сустрэча.
Сустрэчы праўласных кандыдатаў з пенсіянерамі ў цэнтры сацыяльнай тэрытарыяльнай дапамогі даўно сталі традыцыйнымі. І смешна было назіраць за чыноўнікам, як ён выкручваецца, вымучана падаючы пенсіянерам азбучныя веды.
Беларускае Радыё Рацыя