Прэзентацыя адноўленай гульні „Паўстанцы” пройдзе сёлета ў снежні
Настольная гульня, якая змяніла стаўленне беларусаў да ўласнай гісторыі, узняўшы прэстыж да беларускамоўнага сегмента ў настолках, перажывае рэнесанс.
Другое выданне гульні „Паўстанцы”, створанай па матывах гістарычных падзеяў 1863 – 1864 гадоў у Беларусі, з’явіцца ўжо неўзабаве. Першае выданне з’явілася на 150-годдзе паўстання. Другому выданню наканавана выйсці ў год пахавання Кастуся Каліноўскага і яго аднадумцаў, павешаных у Вільні па загаду губернатара Мураўёва-вешальніка.
Кажа аўтар гульні Антон Янкоўскі з Гародні:
– Уклалі вялікі час, каб знайсці нейкае цікавае дызайнерскае вырашэнне. Узбагацілі гісторыі. Гульня стала не проста механічнай, а яшчэ гуляючые запамінаюць нейкія даты, нейкія падзеі, геряў, якія там былі. Зрабілі яе яшчэ больш, на наш погляд, цікавай, разнастайнай, прыблізілі да некага сусветнага фармату настольных гульняў.
Крама „кубік”, якая размешчана ў Гародні, арганізавала талаку па збору сродкаў на выданне вялікага накладу гульні. Кожны, хто хацеў бы дапамагчы ў выхадзе гэтай настольнай гульні, можа адгукнуцца па адмысловай інтэрнэт – спасылцы.
Збор сродкаў будзе працягвацца да 25-га кастрычніка. А прэзентацыя адноўленай гульні „Паўстанцы” пройдзе ў снежні гэтага года.
Якуб Сушынскi, Беларускае Радыё Рацыя