У Берасці абмяркоўвалі праблемы рэабілітацыі інвалідаў



’’Дзесяцігадовы вопыт керамічнай майстэрні інвалідаў КерамАрт у Берасці’’ – такую відэа-канферэнцыю правялі прадстаўнікі Берасцейскага моладзевага грамадскага аб’яднання ’’Інвалід і асяроддзе’’ разам з прадстаўнікамі польскіх грамадскіх аб’яднанняў з горада Люблін.

Актывісты распавялі пра тое, як наладжана арганізацыя працы з беларускага боку, якім чынам прадукцыя рэалізуецца, якія ўзнікаюць праблемы ў пытанні канкурэнцыі. Старшыня арганізацыі ’’Інвалід і асяроддзе’’ Іван Шмыга адзначыў, што пошук працоўных месцаў для людзей з абмежаванымі магчымасцямі – гэта адное з найбольш актуальных пытанняў для беларусаў і іх суседзяў:

– Інфармацыя пераказана польскаму боку аб нашым вопыце працы з інвалідамі з дапамогай керамічнай майстэрні, аб працоўнай рэабілітацыі, аб розных праблемах. Былі ў нас у гасцях і з упраўлення гандлю, таксама старшыня таварыства інвалідаў горада Берасця, то бок мы абмяркоўвалі пытанні па рэабілітацыі з дапамогай працы.

Канферэнцыя для людзей з абмежаванымі магчымасцямі з польскага і беларускага боку была праведзена ў межах праграмы ’’Пераадольваючы бар’еры – Люблін-Замасць-Уладава-Берасце для актывізацыі партнёрства інвалідаў’’.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота keramart.pp.ua