Чаму Беларусь не атрымала 200 мільёнаў даляраў?



Эканаміст Леў Марголін патлумачыў, чаму Беларусь не атрымала сёмы транш Еўразійскага фонда стабілізацыі і развіцця, які закрыў праграму з нашай краінай.

Такім чынам, атрымаць 200 мільёнаў даляраў Беларусь не зможа. Галоўным донарам Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця з’яўляецца Расея.

Леў Марголін: Афіцыйная нагода для адмовы ёсць – быццам бы беларускі бок у час не выканаў неабходныя ўмовы для атрымання крэдэта, але, мяркую, тут ёсць і палітычны складнік. Адным словам, абодва гэтыя фактары і прывялі да таго, што 200 мільёнаў даляраў Беларусь не пабачыць.

РР: Якія ўмовы для атрымання крэдыту не выкананы?

Леў Марголін: Умовы былі пастаўлены канкрэтныя, але ў дадзеным выпадку беларускаму кіраўніцтву даслалі два варыянты магчымага развіцця падзей у будучым. Першы – вы выконваеце ўсе неабходныя ўмовы па рэфармаванні эканомікі, а мы даем крэдыт. Гэта тое самае, што прапаноўвае і Міжнародны валютны фонд.

Ёсць і другая опцыя – калі вы хочаце атрымліваць грошы і нічога не рабіць у плане эканамічных рэформаў, то давайце інтэгравацца, і тады ўжо мы будзем вырашаць некаторыя вашы эканамічныя праблемы. І паколькі няма ні таго, ні іншага, то грошай таксама не прадбачыцца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя