Ігар Марачкін: Няўжо не прачнецца ў людзей самасвядомасць?



Госць «Рацыі» – мастак, дызайнер з Менску Ігар Марачкін. Як вядома, сёлета ўлады далі дазвол на шэсце ў Курапаты на Дзяды. Учора, 29 кастрычніка, сотні людзей сабраліся там на «Ноч расстраляных паэтаў». Тэма «Курапатаў» апошнім часам увогуле даволі актуальная, у тым ліку дзякуючы і варце, якую нясуць там грамадскія і палітычныя актывісты.

З нашым госцем узгадваем, як праходзіла першае шэсце ў Курапаты, сведкам якога ён быў і нават зняў на плёнку, а таксама ўзгадаем пра моладзевую беларускую спеўна-драматычную „Майстроўню” 80-90-х гадоў, сябрам якой быў Ігар Марачкін. А таксама з госцем «Рацыі»  размаўляем пра беларусаў, беларускасць, перапіс па-беларуску.

РР: Мінуў ужо 31 год, як адбылося першае шэсце ў Курапаты. У вас была ў той час 8 мм камера, якая дасталася вам ад бацькі, і вы нават шэсце здымалі. Таксама адбылася і цікавая гісторыя са скульптурай Гэніка Лойкі, якую моладзь, не дачакаўшыся вас, хацела забраць з замкнёнага памяшкання. І дзякуй Богу, што ў той час ніхто міліцыю не выклікаў. Ці маглі б вы ўзгадаць тыя часы?

– Таксама хацеў бы ўзгадаць тыя часы. Гэта мы ўжо закончылі навучанне, хто ў інстытуце, хто ў Акадэміі, як цяпер кажуць, пазаканчавалі ўніверсітэты, адслужылі ў войску. І пачаліся ў нас першыя акцыі па Курапатах. Пра той эпізод з Гэнікам Лойкам і першае курапацкае шэсце я зараз магу ўдакладніць, як усё было, цяпер можна «раскрываць карты». У мяне майстэрня была на Лагойскім тракце, дом 37 у «калясачнай». Гэта было вельмі блізка да Курапатаў. І было вырашана ціхенька з Гэнікам Лойкам у майстэрні зрабіць з гіпсу сядзячага чалавека-пакутніка, як увасабленне тых, якіх там расстралялі сотні. Гэта было зроблена і патаемна вынесена. І прынеслі мы туды, як і ўсё астатняе.

Дарэчы, гэты першы крыж, калі мы рабілі, мы таксама там усё загадзя падрыхтавалі: каменне, цэмент, усё падвезлі. І пасля, як мы неслі крыж, там ужо быў падрыхтаваны адпаведны раствор. Мы яго ўсталявалі, замуравалі, як належна быць. І з тых часоў там вельмі часта праходзілі акцыі, і Мая Кляшторная там выступала (дачка расстралянага паэта Тодара Кляшторнага), там збіралася вельмі шмат людзей. Але ў той час усё гэта прыходзілася рабіць вельмі сакрэтна, каб асабліва ніхто не ведаў. Тое самае адбываецца, відаць, і цяпер. Таму што гэтая тэма балючая і да сённяшняга часу не вырашаная. Не вырашаная таму, што ўсё ж такі не расшыфравалі спісы тых людзей, якія там ляжаць, і ўлады не прызналі афіцыйна той факт, што гэта было зроблена рукамі НКУС, як Марат Гаравы напісаў у сваёй кнізе.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Таццяна Смоткіна,  Беларускае Радыё Рацыя