Гарадзенскі дзіцячы хоспіс шукае новы дом



Гарадзенскі дзіцячы хоспіс імя Святога Губерта звярнуўся да гарадскіх уладаў па памяшканне. Тое памяшканне каля дзіцячай паліклінікі стала замаленькім для абслугоўвання амаль 100 цяжка хворых дзетак.

Кіраўнічка хоспіса Вольга Вялічка тлумачыць сітуацыю, у якой апынуўся хоспіс:

– Нам тут вельмі цесна. І якасна аказваць паслугі цяжка хворым дзецям для нас зараз вельмі складана. Калі б у нашай краіне была развіта сетка сацыяльных паслуг, інавацыйных паслуг, тых паслуг, за якімі людзі ездзяць за мяжу, я з упэўненасцю магу сказаць, з вялікім жалем, што сёння ў хоспіс у такія памяшканні, у такую колькасць дзяцей, людзі б не пайшлі.

На думку Вольгі Вялічкі, памяшканне для цяжка хворых дзетак мусіць выдзяляцца горадам бескаштоўна:

– Мы лічым, што збіраць дабрачынныя грошы ад беларусаў, каб купляць памяшканне ў горада, гэта няправільна. Гэтыя грошы павінны збірацца і ісці на патрэбы дзяцей, а не на памяшканне. Можам казаць што, так, на рамонтныя працы, абсталяванне могуць ісці дабрачынныя грошы, таму што гэта надоўга. Але ж на тое, каб купіць памяшканне, лічу што гэта няправільна. Ва ўсім свеце такія памяшканні выдзяляюцца на бясплатнай аснове.

Прадстаўнікі хоспісу стварылі петыцыю-зварот да гарадскіх уладаў, пад якой ужо падпісаліся больш за тысячу гарадзенцаў. Свой подпіс пад петыцыяй можна паставіць цягам бліжэйшых 15 дзён.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня