У Слоніме ўсталявалі бюст Міхала Казіміра Агінскага



У самым цэнтры Слоніма, недалёка ад драматычнага тэатра, усталявалі бюст гетману Міхалу Казіміру Агінскаму. Бюст зрабіў, падараваў гораду і ўстанавіў слонімскі прадпрымальнік Уладзімір Вількіцкі. Урачыстае адкрыццё бюста адбудзецца сёлета ў лістападзе.

Нагадаем, што ў 1774 годзе Міхал Казімір Агінскі вяртаецца на Бацькаўшчыну. Для паляпшэння свайго фінансавага становішча, ён частку ўласных маёнкаў прадае (пазней атрымлівае амністыю і секвестраваныя маёнткі), а сам спыняецца ў Слоніме і робіць горад сваёй асноўнай рэзідэнцыяй. У шэрагу першаступенных планаў Агінскага было будаўніцтва асобнага тэатральнага памяшкання, у якім маглі б ставіцца оперныя спектаклі, так званага “Опергаўза”. Для ажыццяўлення сваёй задумкі гетман Агінскі запрасіў у Слонім італьянскага дэкаратара Іначэнца Мараіна. Ён прапанаваў для гэтай мэты рэканструяваць колішні палац Льва Сапегі. Агінскі з ім пагадзіўся і ў 1777 годзе будаўніцтва і рэканструкцыя тэатра былі ўжо завершаныя.

Пры сваёй “сядзібе музаў” у Слоніме Міхал Казімір Агінскі стварыў вялікі ансамбль вакалістаў і інструменталістаў, які не саступаў самым лепшым музычным калектывам Заходняй Еўропы.

Пры тэатры Агінскага дзейнічала і балетная школа. Спачатку сярод вучняў пераважалі дзеці прыдворных музыкантаў, а пазней балетам займаліся і дзеці прыгонных сялян. Вучні атрымлівалі і пэўную агульную адукацыю. У 1788 годзе чатыры выхаванцы выступалі нават у балеце “Рыбакі” ў Варшаве. А ў 1790 годзе балетная школа была на гастролях на Украіне. У гастролях прымалі ўдзел 20 артыстаў. Слонімскі балет тэатра Агінскага заўсёды канкурыраваў з каралеўскім тэатрам у Варшаве. Напрыканцы 1792 года балетная школа была пераведзена ў мястэчка Целяханы.

Міхал Казімір Агінскі быў выдатным выканаўцам на некалькіх музычных інструментах. Сваё скрыпічнае майстэрства ён дасканаліў у знакамітага Віёці. У 1760 годзе ў Парыжы Агінскі так уразіў сваёй ігрой на арфе Дзідро, што славуты асветнік папрасіў маладога князя напісаць артыкул “Арфа” для французскай “Энцыклапедыі”. Гетман таксама выдатна іграў і на кларнеце, за што сучаснікі жартам называлі яго “гетман-кларнет”.

Але гэта яшчэ не ўсё. Вялікі гетман Вялікага княства Літоўскага быў таксама пісьменнікам. Ён напісаў і выдаў у сваёй слонімскай друкарні “Гістарычныя і маральныя аповесці” (1782) і кнігу вершаў “Байкі і не байкі” (1788).

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і паўстання Тадэвуша Касцюшкі, слонімская рэзідэнцыя Агінскага канфіскуецца і хутка прыходзіць у заняпад. Апошнія гады свайго жыцця Міхал Казімір Агінскі (памёр у 1800 годзе) правёў у сваіх палацах у Варшаве і ў Галенаве, дзе цешыў сябе музыкай і мастацтвам – тым адзіным, што ўтрымлівала яго пры жыцці.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара