Пасольства Ізраіля ў Беларусі прыпыніла працу з-за забастоўкі



 Пасольства Ізраіля ў Беларусі прыпыніла працу з-за забастоўкі. Пра гэта БелаПАН паведамілі ў прэс-службе дыпмісіі.

„Міністэрства замежных спраў Ізраіля аб’явіла забастоўку з-за канфлікту з Міністэрствам фінансаў. Гэта не адносіцца да краіны знаходжання, гэта ўнутраны ізраільскі канфлікт. Мы спадзяемся, што забастоўка не нанясе шкоды грамадзянам Беларусі і Ізраіля”, — адзначылі ў пасольстве.

Забастоўка пачалася ў гадзіну ночы 30 кастрычніка, як доўга яна працягнецца, не паведамляецца. Пасольства закрыта для наведвання і не аказвае ніякіх паслуг. Пры гэтым працуе тэлефон для дапамогі грамадзянам Ізраіля ў экстранных сітуацыях.

На сайце МЗС Ізраіля 30 кастрычніка апублікавана заява пра забастоўку. „З-за рашэння Міністэрства фінансаў Ізраіля парушыць пагадненні, дасягнутыя і падпісаныя генеральным дырэктарам Мінфіна 21 ліпеня 2019 года, і прымяніць у аднабаковым парадку да пасланнікаў Дзяржавы Ізраіль за мяжой працэдуру, якая змяняе даўно ўсталяваны парадак, мы вымушаныя закрыць дыпламатычныя місіі Ізраіля за мяжой”, — заяўляюць у ведамстве.

„На жаль, Міністэрства фінансаў не пакінула нам іншага выбару, паколькі яго дзеянні наносяць шкоду неабходным для поспеху гэтай працы сродкам і інструментам. Мы спадзяемся, што гэта пытанне будзе вырашана ўжо ў найбліжэйшы час”, — адзначаюць ізраільскія дыпламаты.

Пасольства Ізраіля ў Беларусі праводзіць забастоўкі не першы раз. У 2014 годзе прафсаюз ізраільскіх дыпламатаў абвясціў аб спыненні працы ўсіх замежных устаноў і цэнтральнага апарату МЗС, дамагаючыся ад урада павышэння заробкаў і паляпшэння ўмоў працы. Забастоўка доўжылася 10 дзён.

belapan.by