Заняткі віцебскіх курсаў “Мова Нанова” прайшлі ў фармаце “18+” 



Як надаць вечарынцы беларускі каларыт? Як ператварыць сямейнае застолле ў сапраўднае свята? 

Вядома ж, з дапамогай народных тостаў і жартаў, лічыць Людміла Нікіціна, стваральніца музею “Гісторыя Заронаўскага краю” і збіральніца мясцовага фальклору.

– Я ж настаўніца беларускай мовы і літаратуры. І калісьці арганізавала такія метадычныя заняткі ў нетрадыцыйным рэчышчы – мы з настаўнікамі вывучалі народныя танцы, песні. Адтуль і пайшлі  мае гэтыя жарты. Штосьці сама сачыняю, і мая сям’я збіраць мне дапамагае – то загадку мне, то чарговы тост, то проста якую-небудзь смешачку.

У зборы Людмілы Нікіцінай – больш за сотню беларускіх тостаў і загадак, часам з лёгкім эратычным адценнем. Яна кажа, што ўзяла за прыклад зборы Рыгора Барадуліна, які таксама запісваў і мясцовыя досціпы, і беларускі эратычны фальклор. Праўда, выдаваць сваю ўласную калекцыю ў друкаваным выглядзе спадарыня Людміла пакуль не збіраецца.

Але з задавальненнем забаўляе гасцей, у  ліку якіх спадзяецца ўбачыць і наведнікаў “Мовы Нанова”. А тыя – проста ў захапленні ад пачутага на занятках:

– Вельмі прыгожая жанчына, вельмі цікавыя жарты, і такая энергетыка, што проста сядзіш і ўвесь час рагочаш! “Мова Нанова” проста ажыла!

– З Людмілай Канстанцінаўнай у цябе будуць слёзы ад смеху ліцца, і ты будзеш за жывот хапацца! Але потым зразумееш, што меў цудоўную сустрэчу з вельмі мудрым чалавекам, які захоўвае гэтую мудрасць – глыбінную, народную…

Улетку 2016-га году наведнікі курсаў “Мова Нанова” прыязджалі да спадарыні Людмілы ў Заронава і супольна са “Спеўным сходам” Сержука Доўгушава ладзілі там свята “Гулі ў бабулі”. Цяпер яна прапанавала правесці разам якое-небудзь зімовае фальклорнае свята, прыкладам, на Каляды.

Цалкам матэрыял у далучаным файле:

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя