Падарожжа ў Гнезна да старажытнага беларускага касцёла
У 16 кіламетрах ад Ваўкавыску знаходзіцца вёска Гнезна, цэнтр мясцовага сельскага савета. Вёска, што мае назву як адна з самых першых польскіх сталіцаў, стаіць на беразе невялічкай рачулкі Гнезнянкі, якая мае таксама і іншую назву – Нятупа.
Менавіта ў гэтай невялічкай вёсцы і стаіць адзін з самых старажытных храмаў з тых, што захаваліся на сённяшні дзень, – Гнезненскі касцёл святога архангела Міхаіла.
Храм быў пабудаваны дзякуючы віленскаму кашталяну Гераніму Хадкевічу, і яго пабудова была зроблена ў першай чвэрці XVI стагоддзя.
Сам касцёл у пачатковым выглядзе не захаваўся. Аднак рамонты ды перабудовы, што рабіліся ў ХVII – XVIII стагоддзі, амаль знешне не паўплывалі на выгляд касцёла.
Лічыцца, што касцёл у Гнезне – найбольш выразны гатычны храм на тэрыторыі Беларусі. Падобныя храмы ёсць на тэрыторыі Мазовіі, аднак у Беларусі такіх сама храмаў не захавалася.
Вядомы беларускі турыстычны партал „Глобус” апісвае касцёл ў Гнезне так: “Гэта аднанефны храм з трохсценнай апсідай і вежай у цэнтры галоўнага фасада. Вежа васьмігранная, што сустракаецца даволі рэдка ў беларускім дойлідстве”.
Архітэктура фасадаў увабрала ў сябе формы позняй готыкі (падвесныя і кілепадобные аркі, прастакутныя нішы, стройныя контрфорсы са ступеністымі кансолямі уверсе) і рысы рэнесансу (гарызантальныя цягі і аркі над вокнамі другога яруса вежы, шматстайныя карнізы). Помнік не мае характэрных для готыкі скляпенняў і перакрыты драўляным плоскім насцілам. Такі прыём сустракаецца ў аднанефных храмах з прычыны таго, што цагляны звод вялікага пралёта зрабіць складана.
Побач з храмам знаходзяцца пахаванні роду Калупайлаў, якія былі ў ХІХ ст. аднымі з фундатараў гнезненскага касцёлу. Апроч магілы Калупайлаў стаіць невялікі помнік з агароджай роду Ельскіх, што у 2-й палове ХІХ стагодддзя таксама былі фундатарамі Гнезненскага храму.
Касцёл у Гнезне вельмі ўражвае, і яго пры ясным надвор’і бачна здалёк на некалькі кіліметраў. Вельмі раю тым, хто вандруе самаходам па Беларусі, абавязкова яго наведаць.
Фота Сяргея Апановіча
Беларускае Радыё Рацыя