Жыццё ў вёсцы. 2019 год…



Давайце паразмаўляем пра дыскрымінацыю. І размова пойдзе пра вёску, спадарства.

Мы можам шмат гаварыць пра тое, што жыццё вясковае ў 21 стагоддзі нічым не горшае за жыццё ў горадзе (вялікім або малым!), але насамрэч усё няпроста. Возьмем жыццё вялікай вёскі, аграгарадка – што тут маем? У аграгарадку Залессе на Смаргоншчыне па сацыяльна важныя паслугі жыхарам не трэба ехаць у горад: у мясцовай амбулаторыі ёсць магчымасць схадзіць да стаматолага, здаць аналізы, трапіць на прыём да доктара-тэрапеўта… Яно і зразумела: Залессе – гэта цэнтр сельскага савета, а не хутар які закінуты! Зрэшты, і на хутары людзі не павінны пакутваць без дабротаў цывілізацыі…

У Залессі і ваколіцах пражывае каля трох тысячаў жыхароў па абодва бакі чыгуначнай станцыі, якая сама па сабе з’яўляецца важным транспартным вузлом і месцам працы для многіх мясцовых і не мясцовых людзей. Варта згадаць і музей-сядзібу М. К. Агінскага. Тысячы турыстаў едуць у Паўночныя Афіны штогод, каб пачуць гукі славутага паланэза і адчуць непаўторную аўру нашых мясцінаў! Адзін італьянскі раяль чаго варты… А балі? А фестывалі? Карацей, жыві сабе і радуйся… Але нядаўна тутэйшыя даведаліся, што прынятае рашэнне скараціць стаўку лабаранта ў мясцовай амбулаторыі.

Ашчаджаем на важных дробязях? Ёсць народная казка пра лісу, што хацела падвезці пальчык, лапку, а потым уся цалкам на воз узлезла… Дык вось з кожным годам у вёсцы жыць робіцца цяжэй: спачатку мы скарачаем стаўку лабаранта, потым можам скараціць стаўку стаматолага, пераўтварыць мясцовую амбулаторыю ў ФАП… Сельскую школу зробім базавай, зачынім пошту… Якія яшчэ маем варыянты па ашчаджэнні грошай? І што рабіць вясковым жыхарам – усім пераехаць у сталіцу? Падацца ў далёкія гарады? А як быць з дзяржаўнай і прэзідэнцкай падтрымкай аграгарадкоў?

Пытанняў болей, чым адказаў. Вядома адно – пад ляжачы камень вада не цячэ. Вось і жыхары Паўночных Афінаў хочуць людзьмі звацца і сябе паважаць – сабралі 435 подпісаў за захаванне стаўкі лабаранта і самой лабараторыі ў Залескай амбулаторыі. І адправілі іх у Смаргонскі райвыканкам ды упраўленне аховы здароўя Гарадзенскага аблвыканкама.

30 кастрычніка прыехалі чыноўнікі з раёна „на сяброўскую гутарку”, у тым ліку і в. а. гал. урача Э. В. Круповіч. Паабяцалі стаўку лабаранта пакуль захаваць. 1 лістапада ў Доме культуры прызначана сустрэча ўжо з гарадзенскай камісіяй. Пытанне тое ж – стаўка лабаранта і наша здароўе. Залессе зрабілася папулярным дзякуючы сваёй неабыякавасці.

Што далей? Жыхары Залесся маюць права на пісьмовы адказ з вышэй згаданых інстанцый, бо словы да справы не прышыеш, а подпісаў можна і болей сабраць. Праблема балючая, а дабрацца рана раніцай з вёскі ў горад на аналізы хвораму пажылому чалавеку (або дзіцяці) зусім не проста. І вясковыя жыхары пра гэта цудоўна ведаюць.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ