Пачаўся візіт Лукашэнкі ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты



Як паведаміла прэс-служба прэзідэнта Беларусі, „кантакты ў наступныя дні з кіраўніцтвам гэтай краіны і дзелавымі коламі стануць працягам як шматгадовага сяброўства і супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі, так і афіцыйных перамоў з наследным прынцам Абу-Дабі, намеснікам вярхоўнага галоўнакамандуючага Узброенымі сіламі ААЭ шэйхам Мухамедам бен Заідам аль-Нахаянам, які ў верасні гэтага года ўпершыню наведаў Беларусь з афіцыйным візітам”.

„Пералік напрамкаў, якія ўяўляюць узаемную цікавасць для бакоў, уключае не толькі пытанні пашырэння гандлёвых адносін, але і развіццё інвестыцыйнага супрацоўніцтва ў розных сферах. Акрамя таго, з улікам наяўнага ўзроўню ўзаемадзеяння, ААЭ можа выступаць у якасці пункта ўваходу беларускіх тавараў і паслуг на рынкі іншых краін рэгіёна. Гэта асабліва актуальна з улікам падрыхтоўкі да Сусветнай выставы „Экспа-2020″, якая адкрыецца ў Дубаі праз год і будзе ў тым ліку ўключаць нацыянальны павільён Беларусі”, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы прэзідэнта.

Пра планы наведаць ААЭ Лукашэнка сказаў журналістам 30 кастрычніка падчас наведвання РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі. Ён адзначыў, што не аднойчы бываў у гэтай краіне, і „ў выбудоўванні адносін з гэтым рэгіёнам ёсць свае асаблівасці”. Напрыклад, там імкнуцца працаваць не па дзяржаўнай лініі, а праз членаў сям’і, хоць у Беларусі гэта і не прынята. „Таму ў мяне старэйшы сын у ролі памочніка пастаянна курыруе гэтыя сферы. І яны на гэта ідуць”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што асабліва з ААЭ ўдалося выбудаваць добрыя адносіны, нядаўна Беларусь наведваў наследны прынц Абу-Дабі. „Мы з ім сустракаліся, шмат пра што дамовіліся”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Лукашэнка, у прыватнасці, расказаў аб прапанове кіраўніцтва ААЭ інвеставаць у сельскую гаспадарку Беларусі і арганізаваць закупкі прадукцыі. „Яны гатовыя ў нас інвеставаць, пашыраць сваю прысутнасць. Трэба гэта замацоўваць”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка дадаў, што паездка на Блізкі Усход таксама стане для яго магчымасцю „на некалькі дзён адысці ад паўсядзённага жыцця”. „Хаця б тры дні мне заадно там ногі абмакнуць у гэты заліў, — сказаў Лукашэнка. — Адпачынак не атрымаецца. У прэзідэнта няма намеснікаў”.

belapan.by