У Менску пройдзе фестываль “На розныя галасы. Polish Plays”
З 19 па 26 лістапада ў Менску адбудзецца pop-up фестываль «На розныя галасы. Polish Plays», які складаецца з серыі сцэнічных (перфарматыўных) прэзентацый і чытанняў п’ес адных з самых вядомых сучасных польскіх драматургаў. У перакладзе на беларускую мову гэтыя п’есы выходзяць асобнай анталогіяй у выдавецтве «Логвінаў». Перакладчыкамі анталогіі выступілі Марына Шода, Андрэй Хадановіч, Марыя Пушкіна і Марына Казлоўская.
Чытанні пройдуць у розных лакацыях Менску, над тэкстамі працуюць рэжысёры Валянціна Мароз, Аляксандр Марчанка, Юра Дзівакоў, Кацярына Аверкава, Паліна Дабравольская, Дзмітрый Багаслаўскі, Яўгенія Давідзенка. Акрамя таго адбудзецца прэзентацыя анталогіі з удзелам аўтарак і аўтараў з Польшчы, а таксама каманды беларускіх перакладчыц і перакладчыкаў.
Polish Plays – гэта праект, які рэалізуе Інстытут Адама Міцкевіча ў Варшаве. Праект складаецца з выдання анталогій перакладаў сучаснай польскай драматургіі ў Грузіі, Беларусі і Украіне, а таксама сцэнічных прэзентацый, воркшопаў і чытанняў. Партнёрамі праекта выступілі Цэнтр беларускай драматургіі, Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн», Лабараторыя сацыяльнага тэатра ECLAB, незалежная тэатральная кампанія «Homocosmos», Беларускі Свабодны тэатр. Пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Менску, у межах Месяца польскай літаратуры.
Таня Арцімовіч Фота Вікторыі Харытонавай