Эксперт: Пераход на RUB тэхнічна немагчымы ў бліжэйшай перспектыве



Абмеркаванне Нацыянальным банкам Беларусі з іншымі цэнтрабанкамі краін ЕАЭС канцэпцыі фармавання агульнага фінансавага рынку ні ў якім разе не сведчыць пра магчымасць пераходу нашай краіны на расейскую валюту.

Як заўважыў у размове з Рацыяй старшы аналітык фінансавай кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб, удзельнік Кастрычніцкага эканамічнага форуму, што праходзіць у Менску, беларуская і расейскія эканомікі – гэта зусім розныя на сёння сістэмы, розная залежнасць ад сыравіны і здабычы сыравіны, розная макраэканоміка – узроўні беспрацоўя, заробкаў, пенсій, сацыяльнага забеспячэння ўвогуле.

– У такіх умовах пераходзіць на адзіную валюту вельмі складана. Акрамя таго, не з’яўляецца сакрэтам, што Расея нясе сур’ёзныя рызыкі з-за фінансавых санкцый, якія ўжо ўвялі. Патэнцыйна могуць быць і новыя санкцыі. І пры добраахвотным пераходзе на адзіную валюту з Расеяй, мы можам добраахвотна ўзяць на сябе гэтыя эканамічныя рызыкі, якія, я думаю, нам не патрэбныя.

1 лістапада кіраўнік Нацбанку Павел Калаур заявіў журналістам у Менску, што размовы аб пераходзе Беларусі на расейскі рубель ці іншую валюту ў межах ЕАЭС ні на чым не грунтуюцца. Больш за тое, Нацбанк падрыхтаваў стратэгію павышэння даверу да нацыянальнай валюты. Галоўная мэта – набліжэнне долі нацвалюты ў шырокай грашовай масе да 80 працэнтаў.

Беларускае Радыё Рацыя