Кандыдатаў ад апазіцыі пазбаўляюць рэгістрацыі
Ужо вядома пра 10 выпадкаў, калі камісіі прынялі рашэнні пра зняццё з выбараў. Але кандыдаты абскарджваюць гэта, і значыць, паводле беларускага заканадаўства, – далей яны захоўваюць свой статус.
Беларускае ЦВК паведамляе пра 11 чарговых спраў, якія разглядаюцца, і ў перспектыве гэтыя кандыдаты могуць пазбавіцца таксама сваіх рэгістрацыяй. Адна з прычынаў, па якой здымаюць кандыдатаў ад апазіцыі, – калі яны не пайшлі ў неаплатны адпачынак, альбо пашлі на дзень-два пазней. У адпачынак не збіраецца ісці кандыдат ад Руху «За Свабоду» ў Маладэчне Валянцін Цішко. Як ён кажа, паводле Выбарчага заканадаўства такога абавязку ён не мае. З-за гэтага атрымаў першае папярэджанне і ў панядзелак чакае наступнае.
-У Выбарчым кодэксе няма фармуліроўкі, што кандыдат абавязаны сыйсці ў адпачынак. Там такая, класічная беларуская – закон як дышла, “кандыдату прадастаўляецца адпачынак па яго ўласнай заяве”. Я заяву не пісаў. Гэты адпачынак неаплатны. Мяне акруговая камісія прымушае сысці на месяц у неаплатны адпачынак. Я, зразумела, не сыходжу, бо ў законе няма, што я абавязаны гэта зрабіць. Акруговая лічыць гэта парушэннем выбарчага заканадаўства. Таму мяне здымуць з выбараў.
Кандыдат можа пайсці ў неаплатны адпачынак, так вынікае з выбарчага заканадаўства. Але абавязаны… так вынікае з унутраных інструкцый выбарчых камісій, якія не з’яўляюцца нарматыўнымі актамі, кажа Валянцін Цішко, які гэтую неадпаведнасць плануе абскардзіць у судзе.
Выбары ў Палату прадстаўнікоў Беларусі пройдуць 17 лістапада. Грамадзяне Беларусі абяруць 110 дэпутатаў.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя