Вольга Мікалайчык: „Пакасілі” амаль усіх нашых “еўрапейцаў”
Улады нібыта баяцца «Еўрапейскай Беларусі», таму масава здымаюць яе прадстаўнікоў з выбарчай гонкі ў парламент. Заяўляе актывіста кампаніі і абаронца Курапатаў Вольга Мікалайчык. У ЦВК паведамляюць пра дзясятак кандыдатаў, якіх пазбавілі рэгістрацыі. Сярод іх 6 менавіта актывісты «Еўрапейскай Беларусі», асноўныя прэтэнзіі – абразы ў бок уладаў. Камісіям, напрыклад, не падабаецца, што актывісты ў сваіх праграмах заяўляюць пра імпічмэнт Лукашэнкі альбо іншыя дробныя парушэнні выбарчага заканадаўства.
Вольга Мікалайчык не разумее, навошта ўлады іх зачышчаюць, бо і так было вядома, што ў парламент іх не прапусцяць.
– „Пакасілі” амаль усіх нашых “еўрапейцаў”, усіх маіх таварышаў. Паздымалі з рэгістрацыі. Гэта сведчыць пра тое, што не атрымалася ў дыктатара згуляць у дэмакратыю. Страшна складаная рэч дэмакратыя. Яна не трывае узурпатара. Яна не церпіць духу дыктатуры. Гэта сігнал і беларускаму грамадству, беларускаму народу, гэта сігнал і еўрапейскай супольнасці, – што пераменаў на Беларусі чакаць няварта.
Саму Вольгу Мікалайчык знялі з выбараў у сталічнай Уручанскай выбарчай акрузе №109. Яна абскарджвае гэта рашэнне. У вышэйшыя інстанцыі і суды з абскаржваннем пайдуць іншыя знятыя кандыдаты ад «Еўрапейскай Беларусі» – Паліна Шарэнда-Панасюк, Аксана Юшкевіч, Павел Юхневіч і Арцём Чарняк.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя