У Гомелі ўшанавалі памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій



Гомельскія дэмакратычныя кандыдаты і іх паплечнікі ўшанавалі памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Актывісты ўсклалі вянкі да памятнага крыжа на 9-м кіламетры Чарнігаўскай шашы. У пачатку 1990-х гадоў з ініцыятывы дэмакратычнага гарсавета на ўскраіне Гомеля быў усталяваны вялікі драўляны крыж на месцы масавых забойстваў і пахаванняў апанентаў савецкай улады і мірных жыхароў.

Ініцыятар жалобнай акцыі Уладзімір Кацора перакананы, што ў Беларусі неўзабаве надыдуць часы, калі будуць ушанаваныя бязвінныя ахвяры камуністычных рэпрэсій:

– Мы – ці не адзіная краіна ў свеце, якая святкуе “Вялікі кастрычнік”. І гэта, канешне, ненармальна. Адметна, што ў гэтым месцы сёння няма ўладаў. Сённяшнія ўлады – ідэалагічныя пераемнікі саветаў. Дзякуй Богу, яны не робяць тое, што рабілі 80 гадоў таму сталіністы, але яны ж такія па сваёй сутнасці. Толькі ад нас залежыць, ці будуць другія часы

Другім пунктам ускладання вянка сталі могілкі ля вёскі Церуха Гомельскага раёна, дзе пахаваны адзін з кіраўнікоў паўстання вязняў у Нарыльскім канцлагеры 1953 года Рыгор Клімовіч. Ягоны сын Юрый акцэнтаваў увагу на неабходнасці захавання памяці пра рэпрэсаваных:

– З часам трошкі памяць забываецца, ужо людзей гэтых (рэпрэсаваных, антысаветчыкаў і дысідэнтаў) фактычна няма. Памяць зацярушваецца. Нават некаторыя нашчадкі ўдзельнікаў лагернага супраціву нічога не ведаюць пра сваіх дзядоў. Я вось сустракаюся ў людзьмі, кажу, што ў цябе дзед быў у супраціве, а ягоны ўнук ужо проста не ведае.

Акцыя гомельскіх актывістаў была прымеркаваная да Дня памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель