Дэпутат парламента: Народу неабавязкова ведаць пра даходы чыноўнікаў



Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Людміла Макарына-Кібак, якая балатуецца на новы тэрмін, не лічыць абавязковай публікацыю дэкларацый чыноўнікаў аб даходах.

«Гэта правільна, што запаўняем дэкларацыі, іх здаем, нас правяраюць, таму неабавязкова іх публікаваць. Тады трэба публікаваць дэкларацыі ўсіх», – заявіла Макарына-Кібак на тэледэбатах з іншымі кандыдатамі ў дэпутаты ад менскай Грушаўскай выбарчай акругі № 98. Запіс дэбатаў быў паказана 1 лістапада на тэлеканале« Беларусь-3».

Пытанне аб публікацыі дэкларацый задала Алана Гебрэмарыам, якая балатуецца ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі „Грамада”, актывістка нефармальнага «Моладзевага блока».

23 траўня гэтага года генеральны пракурор Аляксандр Канюк паведаміў, што яго ведамства прапануе публікаваць дэкларацыі аб даходах дзяржаўных служачых – міністраў, чыноўнікаў абласнога і раённага ўзроўняў.

У ліпені 2014 года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што «народ павінен ведаць, як жывуць чыноўнікі і іх сваякі, адкуль грошы і ўласнасць у гэтых людзей». Выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу пройдуць 17 лістапада.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя