Завяршаецца збор сродкаў на кнігу „Балтыйскія шкарпэткі”



„Балтыйскія шкарпэткі” — гэта дзесяць гісторыяў, у якіх персанажы аказваюцца не тым, чым здаваліся на самым пачатку. Вочы сябра, каханай або сваяка ўспыхваюць іншасветным агнём, і бывае, што толькі смешныя лялькі з панчохі або шкарпэткі ратуюць герояў з пашчы вусцішы.

У вас ёсць магчымасць замовіць сабе ўнікальную кнігу казак на мяжы жахлівіка і прыпавесці, паўночнай містыкі і біблейскага аповеду.

„Жылі яны доўга і шчасліва, і памерлі ў адзін дзень” — такая старая канцэпцыя больш не працуе. Свет вялікі і не просты, ён складзены з розных эмоцыяў і пачуццяў, і патрабаванні да казак ужо іншыя. Сучасныя дзеці, а з імі і мы, чакаем, што казка нас не толькі пазабавіць, але і не атруціць мядовай хлуснёй. Нас атачае шмат тых, хто прадае рамантычную пустэчу, няспынна прапаноўвае панацэю, заганяе ў кут, стварае рабоў сістэмы.

Crossover fiction, альбо kidult-гісторыі, у нашым стагоддзі робяцца ўсё больш папулярнымі, вяртаецца мода на жахі, трылеры і вусціш — гэта кранае, трымае дзіцячую ўвагу да канца, да апошняй старонкі. Дастаткова згадаць Братоў Грым без цэнзуры: набіты камянямі ды зашыты страўнік Шэрага Воўка, альбо гісторыі Шарля Перо, дзе Малое Пальчанё падманам прымушае велікана з’есці сваіх дзяцей, ці той жа Курдупель Цахес, са сваімі далёка не дзіцячымі жаданнямі.

Папялушка больш не чапляе — патрэбныя злодзеі, ашуканцы, супрацьстаянне Дабра і Зла — і калі Дабро прайграе, гэта больш падобна да рэальнасці. Сучасным дзецям не дастаткова андэрсанаўскай Пярсцяначкі ды яе змагання з жаніхом Кратом, каб перажываць за гераіню, цяпер нават зомбі нікога не палохаюць, і рыпучыя дзверы шафы ў Нарнію не дзівяць. Дзяцей вабіць складанае і страшнае, новыя ўзроўні пачуццяў, эмоцыяў, якія нам былі ўласцівыя часта толькі ў падлецтве.

ulej.by