У Воршы кандыдату вынеслі папярэджанне за слова “Баста”



Кандыдат у дэпутаты парламенту Дзмітрый Казлоў, мясцовы блогер, вядомы пад нікам «Шэры кот», атрымаў афіцыйнае папярэджанне за парушэнні падчас агітацыйнай кампаніі.

Акруговай камісіі не спадабаўся змест плакатаў «Калгаснай дыктатуры – баста!», «Фальшывым выбарам – баста!» Апошні быў расцэнены як заклік да байкатавання парламенцкіх выбараў.

Пікеты з плакатамі Дзмітрый Казлоў ладзіць каля гарадскога кірмашу, дзе штодня праходзіць шмат народу. На ягоных пікетах грае музыка, кандыдат выступае з прамовамі і з кожнага вядзе відэатрансляцыю на свой канал. Дзмітрый Казлоў гаворыць, што вырашыў балатавацца з цвярозым усведамленнем таго, што сапраўдных выбараў у Беларусі няма. Але варта скарыстацца тым, што падчас збору подпісаў і агітацыйнай кампаніі можна бесперашкодна ладзіць пікеты і размаўляць з землякамі пра розныя праблемы. Зрэшты, кажа кандыдат, ён гатовы да таго, што будзе зняты з выбарчай гонкі за рэзкія выступы супраць цяперашняй беларускай сістэмы кіравання.

Беларускае Радыё Рацыя, Ворша