Што хочам, тое і робім – перашкоды ў працы журналіста



Гарадзенскаму журналісту выдання Hrodna.life Руслану Кулевічу прадстаўнікі будаўнічых арганізацый перашкаджалі пры падрыхтоўцы матэрыяла аб зруйнаванні маляўнічай сцяны ў цэнтры Гародні.

– Прыехаў, падышоў да будаўнікоў, запытаўся пра тое, што адбываецца. Зайшоў на месца, там дзе працаваў экскаватар і запытаўся: што адбываецца? А яны сказалі, што аварыйная сцяна, вось мы зносім. Потым мне сказалі: выйдзіце адгэтуль. Я сказаў: добра, выходжу. Выйшаў, падняўся па прыступках наверх, там, дзе крамы працуюць, і пачаў здымаць. Потым мне начальнікі крычаць: там таксама нельга здымаць! Увогуле нельга здымаць як яны бураць гэтыя сцены. Я кажу: чаму? Кожны чалавек мае права на інфармацыю і фатаграфаваць, тым больш, што я знаходзіўся каля крамаў, дзе адкрытая зона. А яны кажуць: не, нельга. А потым крычаць: забірай яго ровар, зараз выклікаем міліцыю.

На думку журналіста, прадстаўнікі будаўнікоў перавысілі свае паўнамоцтвы:

– Узялі затрымалі мяне і мой ровар. Да таго, як прыехала міліцыя, я дастаў тэлефон і пачаў здымаць, хацеў распавесці гарадзенцам, чаму ў мяне забіраюць ровар. Толькі падняў тэлефон, яны выбілі яго з рук, ён зваліўся. Я кажу: што вы сабе дазваляеце? А яны кажуць: што хочам, тое і робім. Ды яшчэ да сцяны мяне прыціснулі – Андрыеўскі, хоць мы з ім і добра знаёмыя, і ён ведае, што гэта мой ровар. Вось яны вырашылі так нахабна сябе паводзіць.

Журналіст аднак здолеў зрабіць некалькі здымкаў і дачакацца прадстаўнікоў міліцыі. Справа скончылася без складання пратаколу.

Беларускае Радыё Рацыя