У Беларусі змяняць стратэгію апрацоўкі адкідаў



У Беларусі ўнясуць змяненні ў Нацыянальную стратэгію па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адкідамі і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі на перыяд да 2035 года, паведаміла  журналістам начальнік галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Вольга Сазонава.

«Цяпер праводзіцца карэкціроўка Нацыянальнай стратэгіі па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адкідамі і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі на перыяд да 2035 года. Міністэрствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі створана рабочая група, у складзе якой прадстаўнікі органаў дзяржкіравання, у тым ліку Мінпрыроды. Патрабуецца выпрацаваць агульныя пазіцыі, якія задаволілі б усіх. Цяпер рыхтуецца адпаведная прапанова ва ўрад», – сказала Вольга Сазонава.

Паводле яе слоў, трэба адкарэкціраваць шматлікія канцэптуальныя падыходы. «У Менску было запланавана будаўніцтва завода па энергетычным выкарыстанні камунальных адкідаў. У далейшым з пункту гледжання эканамічнай эфектыўнасці было прынята рашэнне правесці пераўзбраенне Менскай ЦЭЦ-4 для выкарыстання адкідаў у якасці паліва. Зацверджаны адпаведны план мерапрыемстваў. Гэты праект будзе рэалізаваны пасля 2020 года», – адзначыла начальнік галоўнага ўпраўлення.

«Акрамя таго, практыка паказала, што трэба расставіць дадатковыя акцэнты ў частцы мерапрыемстваў па прадухіленні ўтварэння адкідаў, таксама з улікам новых тэндэнцый па адмове ад аднаразовага пластыкавага посуду, па пераходзе з ПЭТ-тары на шкляную. Таму, думаю, будзе комплексная карэкціроўка стратэгіі з улікам новых напрамкаў, хутчэй за ўсё, не раней, чым у наступным годзе», – дадала Вольга Сазонава.

БелТА