Румас: Сітуацыя ў эканоміцы Беларусі не задавальняе ўрад



Сітуацыя ў эканоміцы Беларусі не задавальняе ўрад, заявіў прэм’ер-міністр Сяргей Румас 5 лістапада на пасяджэнні Савета міністраў, прысвечаным вынікам працы ў студзені–верасні.

Як паведамляе прэс-служба ўрада, Румас нагадаў, што да завяршэння года застаецца менш за два месяцы, часу для задзейнічання рэзерваў, якія па якіх-небудзь прычынах не былі выкарыстаныя ў гэтым годзе, вельмі мала.

«Ацэнка працы асобных дзяржаўных органаў адлюстраваная ў пратакольным запісе, як і меры дысцыплінарнага ўздзеяння да іх кіраўнікоў. Гэтыя прапановы абмяркуем, але хачу папярэдзіць, што гэта толькі першы падыход да ацэнкі вынікаў працы за год», – сказаў прэмʼер-міністр.

Сярод станоўчых тэндэнцый Румас назваў рост эканомікі ў цэлым у бягучым годзе пры захаванні макраэканамічнай збалансаванасці. Інфляцыя, паводле яго слоў, утрымліваецца ў межах запланаваных значэнняў, станоўчае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі перавышае 520 млн долараў, стабільна працуе валютны і дэпазітны рынак. Чысты продаж валюты насельніцтвам, адзначыў кіраўнік урада, склаў 638 млн долараў, субʼектамі гаспадарання – 719 млн, растуць тэрміновыя рублёвыя дэпазіты насельніцтва.

Ён таксама заявіў, што рэспубліканскі бюджэт выконваецца, як і планавалася. «Абавязацельствы ўрада ў замежнай валюце выкананыя своечасова і ў поўным абʼёме. Пры гэтым золатавалютныя рэзервы краіны з пачатку года павялічыліся на 2 млрд долараў і на 1 лістапада склалі 9,2 млрд», – адзначыў прэмʼер-міністр. Рэальныя грашовыя даходы насельніцтва ў студзені–жніўні выраслі на 6,8%.

Разам з тым, заявіў Румас, не выкананыя найважнейшыя параметры па росце прадукцыйнасці працы і экспарце, адстае ад прагнозу і тэмп росту ВУП.

«Відавочна, што запаволенне тэмпаў росту ВУП абумоўленае адмоўнай дынамікай у ключавых галінах эканомікі. Запавольваюцца тэмпы росту прамысловасці. За 9 месяцаў абʼём прамысловай вытворчасці склаў 100,7%, не вырашаецца сістэмная праблема – адсутнасць абаротных сродкаў», – звярнуў увагу прэмʼер-міністр.

Зніжэнне прамысловай вытворчасці заканамерна пацягнула ўніз транспартныя паслугі і аптовы тавараабарот. «У транспартнай сферы з пачатку года мы ўжо праселі на 2,3 працэнтнага пункта, у аптовым гандлі – на 3,4 працэнтнага пункта», – заўважыў кіраўнік урада.

Як падкрэсліў прэмʼер-міністр, таксама ўрад патрабуе прадметна разабрацца ў сітуацыі на прадпрыемствах з нізкай зарплатай.

Паводле слоў Румаса, з прадпрыемствамі, дзе зарплата была ніжэйшай за 400 рублёў, ужо практычна разабраліся. У краіне засталося дзевяць арганізацый, якія не вырашылі гэтую праблему, і ва ўрадзе ведаюць, як будзе выпраўляцца сітуацыя. Наступны этап – разабрацца з прадпрыемствамі, дзе сярэдняя зарплата ніжэйшая за 500 рублёў.

«Ліміт на ўгаворы прадметна разабрацца з кожнай такой арганізацыяй ужо вычарпаны, таму сённяшняя размова на гэтую тэму – апошняе папярэджанне. Мы дамовіліся, што, калі не будзе зрухаў, урад па выніках года ўнясе кіраўніку дзяржавы прапановы аб вызваленні ад займаных пасадаў адказных асоб», – сказаў Румас.

Яшчэ адно пытанне, якое патрабуе вырашэння, заявіў кіраўнік урада, – ліквідацыя раней назапашанага разрыву паміж тэмпамі росту прадукцыйнасці працы і заработнай платы. «Пастаўленая персанальная задача прадстаўнікам дзяржавы ў гаспадарчых таварыствах. Ёсць станоўчая дынаміка ў гэтым пытанні, але на сёння яна відавочна недастатковая. Недапрацоўваюць як органы ўладальніцкага нагляду, так і каардынатар у асобе Дзяржкаммаёмасці», – адзначыў ён.

«Хачу яшчэ раз усім нагадаць, што ад гэтай задачы ўрад не адыдзе. Гэта толькі першы крок у вырашэнні ключавой праблемы нашай эканомікі – крытычна нізкай прадукцыйнасці працы, у першую чаргу ў дзяржаўным сектары», – падкрэсліў Румас.

Ён таксама адзначыў, што ўрад занепакоены ростам імпарту харчавання. «У знешнім гандлі таварамі ў нас працягвае выяўляцца дысбаланс: пры спадзе ўласнага продажу нарошчваем імпарт», – паведаміў прэмʼер. Напрыклад, імпарт кандытарскіх вырабаў у вартасным выражэнні павялічыўся на 15%, шакаладных вырабаў – на 30%, пшанічнай мукі – у 2 разы, піва – на 19%, вады (уключаючы мінеральную і газаваную) – на 6%.

У сувязі з гэтым кіраўнік урада прапанаваў кіраўніцтву «Белдзяржхарчпрама» пракаментаваць наяўную сітуацыю і далажыць пра меры, якія будуць прымацца канцэрнам па яе выпраўленні.

На пасяджэнні Савета міністраў, паведамляе прэс-служба ўрада, таксама абмяркоўвалася рэалізацыя ключавых інвестпраектаў. Прэмʼер-міністр нагадаў кіраўнікам дзяржорганаў пра персанальную адказнасць не толькі за своечасовае завяршэнне ўсіх найважнейшых праектаў, але і забеспячэнне іх эфектыўнай працы і выхад на праектную магутнасць.

Румас, паведамляе прэс-служба, «даручыў пазначыць у сённяшніх дакладах выразныя меры па выхадзе на абяцаныя параметры, асаблівую ўвагу надаць пытанням скарачэння выдаткаў у падпарадкаваных арганізацыях і мерам па забеспячэнні росту прадукцыйнасці працы».

БелаПАН