„Штадлер Мінск” паказаў новы электрапоезд для сталічнай падземкі
ЗАТ „Штадлер Мінск” прадэманстравала электрапоезд мадэлі М110, выраблены для Мінскага метрапалітэна і прайшоўшы ужо выпрабаванні і абкатку.
У студзені 2017 года кіраўніцтва ДП „Мінскі метрапалітэн” і ЗАТ „Штадлер Мінск” падпісалі дагавор на пастаўку дзесяці цягнікоў метро для сталіцы: 6 чатырохвагонных і 4 пяцівагонныя цягнікі. У бягучым годзе 6 цягнікоў павінны паступіць у карыстанне сталічнай падземкі, астатнія 4 будуць пастаўлены ў 2020 годзе ў адпаведнасці з графікам. Два саставы ўжо знаходзяцца ў электрадэпо, трэці перагоняць сёння ўночы.
З красавіка па верасень бягучага года ў інфраструктуры метрапалітэна праведзены комплекс выпрабаванняў, які ўключаў тармазныя, дынаміка-трываласныя (праверка апорных канструкцый, плаўнасці ходу), цягава-энергетычныя і санітарна-гігіенічныя выпрабаванні, выпрабаванні на электрамагнітную сумяшчальнасць.
Плаўны ход, ніякай духаты і неабходнасці напружваць звязкі, каб субяседнік пачуў. Сучасныя тэхналогіі, прымененыя ў новым рухомым саставе, забяспечваюць надзейнасць, камфорт, зніжэнне ўзроўню шуму за кошт гукапаглынальных матэрыялаў. Кузаў вагона ўяўляе сабой суцэльнаметалічную апорную канструкцыю з алюмініевых сплаваў з тэрмінам службы 50 гадоў. Паводле слоў дырэктара ЗАТ „Штадлер Мінск” Філіпа Брунера, гэта дасць метрапалітэну эканомію на амартызацыі і абслугоўванні. Распрацоўшчыкі гарантуюць кожнаму поезду 560 тыс. км прабегу.
„Мы распрацавалі гэты цягнік менавіта для Мінскага метрапалітэна. Ганарымся, што максімальна выкарыстоўвалі пры стварэнні свае рэсурсы. Вядома, мы хочам выкарыстаць яго для прыцягнення дадатковых кліентаў на рынку СНД. Магчыма, у Санкт-Пецярбургу, Азербайджане, Грузіі, у якіх таксама ёсць каляя 1520 мм. Мы маглі б прапанаваць адаптаваны поезд для іх інфраструктуры”, – падзяліўся планамі Філіп Брунер.
Завод „Штадлер Мінск” быў афіцыйна адкрыты 20 лістапада 2014 года. Прадпрыемства ўваходзіць у склад швейцарскай кампаніі „Штадлер Рэйл Груп”, якая ўжо больш як 75 гадоў з’яўляецца адным з вядучых еўрапейскіх вытворцаў чыгуначнага рухомага саставу. „Штадлер Рэйл Груп” мае таксама філіялы ў Аўстрыі, Аўстраліі, Алжыры, Вялікабрытаніі, Швейцарыі, Германіі, Нідэрландах, Венгрыі, Польшчы, Чэхіі, Італіі і ЗША.