Аншлаг на прэзентацыі кнігі ўспамінаў пра восень 1939



Унікальны зборнік успамінаў „За першымі Саветамі”: Польска-беларускае памежжа 1939-1941 гадоў у вусных успамінах жыхароў Беларусі” прадстаўляў адзін са стваральнікаў кнігі і яе рэдактар – доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук.

Зборнік укладзены з расповедаў непасрэдных сведак падзеяў верасня 1939 года, беларусаў і палякаў, якія апынуліся ў Савецкім Саюзе. Гаворыць Алесь Смалянчук:

– Гэта кніжка для беларусаў, якіх цікавіць гісторыя Беларусі, якія хочуць задумацца пра яе вельмі такія няпростыя падзеі. Як раз верасень 1939 года гэта такая падзея вельмі складаная для ацэнкі. З аднаго боку мы можам радавацца таму, што беларуская зямля ўз’ядналася. Але з іншага, гэта ўз’яднанне адбылося фактычна ў межах сталінскага ГУЛАГу з усімі выцякаючымі наступствамі. Вельмі цяжка проста адназначна пра гэта казаць. 

Ірына Кашталян, каардынатарка праекту Беларускі архіў вуснай гісторыі, кіраўніца Гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна, кажа, што інтэрв’ю са сведкамі збіраліся цягам 10 год:

– Прадстаўленая там гісторыя, яна не аднабаковая, яна прадстаўляе розныя бачанні людзей, якія і цешыліся прыходу першых саветаў у Заходнюю Беларусь, і людзі, якія пацярпелі ад дзеянняў тых, хто прыйшоў.

Кніга выдадзеная з дапамогай Цэнтра польска-расейскага дыялогу і паразумення.

Беларускае Радыё Рацыя