У Менску адкрыецца выстава “Праўда пра Курапаты”



13 лістапада а 17-й гадзіне ў менскім Палацы мастацтваў (вул. Казлова, 3) пачне экспанавацца дакументальна-мастацкая выстава «Праўда пра Курапаты».

А 18-й гадзіне адбудзецца яе адкрыццё, на якое запрошаныя прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі Беларусі, палітыкі, грамадскія дзеячы, навукоўцы і іншыя.

На выставе будуць прадстаўленыя матэрыялы з гісторыі Курапатаў, сведчанні відавочцаў, сабраныя сябрамі Грамадзянскай ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў», а таксама творы мастакоў і літаратараў, у тым ліку – лаўрэатаў грамадскага творчага конкурсу «Курапаты – народны мемарыял. Праз Курапаты – да пакаяння».

Бліжэйшымі днямі пасля адкрыцця выставы адбудзецца прэзентацыя кнігі журналіста, даследчыка сталінскага тэрору ў Беларусі Марата Гаравога «НКВД забіваў у Курапатах…»

Галоўнымі арганізатарамі выставы сталі Грамадзянская ініцыятыва «Эксперты ў абарону Курапатаў» і Творчая суполка «Пагоня» Беларускага саюзу мастакоў.

Выставу «Праўда пра Курапаты» можна будзе паглядзець з 13 па 22 лістапада з 11 да 19 гадзіны штодня, апрача панядзелка. Уваход вольны.