Памёр «дэпутат незалежнасці» Аляксандр Шут
Пра гэта паведаміў у сваім фэйсбуку былы дэпутат Вярхоўнага Савета Сяргей Навумчык.
Алесь Шут пасля галадоўкі і збіцця дэпутатаў, Дом ураду, 12 красавіка 1995. Фота з фэйсбука Сяргея Навумчыка
У Лагойску на 68-м годзе жыцця памёр экс-дэпутат Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га склікання Аляксандр Шут. Сяргей Навумчык напісаў, што былы калега сышоў ад раку, гэта пацвердзілі сваякі.
Алесь Шут быў лекарам, абраўся ў Вярхоўны Савет 12-га склікання на Лагойшчыне. Уваходзіў у склад дэпутацкай Апазіцыі БНФ, удзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў супраць рэферэндуму 11-12 красавіка 1995 года, быў жорстка збіты спецназам спачатку ў зале парламенту, а потым міліцыяй па-за Домам ураду.
Днямі Алесю Шуту ўручылі юбілейны медаль Рады БНР за «заслугі ў здабыцці Незалежнасці Беларусі».
Пахаванне Алеся Шута адбудзецца ў чацвер у Лагойску.